Усё бліжэй фінал
Пасля месячнага перапынку працягнулася барацьба ў другім па сіле дывізіёне айчыннага валейбола. У мінулыя выхадныя каманды 1-й лігі сабраліся ў Салігорску, дзе прайшоў перадапошні этап папярэдняга раўнда першынства. Там пастаўчане згулялі з гродзенцамі і мінчанамі.
У аслабленым складзе
«Легіён-2» (Гродна)—«Атлант» (Паставы) — 3:0
1 дзень. 3:0 (25:19; 25:21; 25:17)
Матч з гродзенскім «Легіёнам» для нашай каманды быў трэцім па ліку ў сезоне і аказаўся вельмі няпростым. Дагэтуль «атлантаўцы» на сваёй пляцоўцы саступілі яму (2:3 і 1:3). З-за кадравых праблем разлічваць на станоўчы вынік было цяжка і на гэты раз. На выездзе ў Салігорску ў «Атланта» адсутнічала палова валейбалістаў са стартавай шасцёркі, не было лібера і дыяганальнага Дзмітрыя Грыневіча. Капітан і распасоўшчык «Атланта» Руслан Сімагасціцкі шмат перамяшчаўся па пляцоўцы, каб вывесці партнёраў на завяршальны ўдар, але саперніку ўдалося выбіць нашу каманду з прыёму. Лідар нападзення Андрэй Казлоўскі не змог дзейнічаць у адзіночку ў поўную сілу і паспяхова завяршыў толькі палову камбінацый. Часта памыляліся нашы і на іншых пазіцыях. У выніку гродзенцы перамаглі.
Найгоршы матч сезона
«Атлант» (Паставы)—РДВАР-2007 (Мінск) — 0:3
2 дзень. 0:3 ( 27:29; 21:25; 18:25)
На наступны дзень нашы землякі правялі самую няўдалую гульню сезона. Дагэтуль яны тройчы перамагалі мінчан, але ў гэтым супрацьстаянні шанцы на поспех калі і былі, то толькі ў стартавай партыі. Пастаўчанам удалося дагнаць саперніка пры ліку 20:24. Аднак у напружанай канцоўцы РДВАР згуляў мацней і выйшаў наперад. Пасля такой няўдачы пастаўчане сталі яшчэ больш хвалявацца, дапускаць памылкі і аддалі гульнявую ініцыятыву саперніку. Такім чынам, выхаванцы рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву без асаблівых намаганняў атрымалі першую перамогу ў сезоне.
У двух няўдалых паядынках у Салігорску згулялі Сімагасціцкі, Каспер, Канаш, Казлоўскі, Недзведзь, Пронька, Панавас, Вырвіч.
У заключным матчы тура дублёры салігорскага «Шахцёра» з лікам 3:0 у трэці раз адолелі гродзенцаў і з 24 набранымі ачкамі ўзначалілі турнірную табліцу. Услед за лідарам размясціўся гродзенскі «Легіён-2» (20 ачкоў), затым — наш «Атлант» (11) і мінчане (5), якія вышэй за 4-е месца ўжо не паднімуцца.
Заключны 6-ы тур папярэдняга этапа чэмпіянату пройдзе 22—23 красавіка ў нашым райцэнтры. Пастаўчане дома згуляюць з абодвума лідарамі, а 6—7 мая іх чакаюць найважнейшыя паядынкі першынства, якія адбудуцца ў Мінску.
Уладзімір Шык