Усё пра пастаўскае казацтва
У канцы сакавіка ў выставачнай зале раённага краязнаўчага музея ў палацы Тызенгаўзаў адкрылася выстава, прысвечаная гісторыі пастаўскага казацкага руху.
Яе ідэя належыць былому дырэктару музея Раісе Курачэнцы. Гадоў шэсць назад, зрабіўшы выставу, прысвечаную ратаўнікам, яна звярнулася да вайсковага старшыны Пастаўскага казацкага аддзела Аляксандра Зазуліна з пытаннем: «А чаму б і вам, казакам, не паказаць сваю дзейнасць?» Гэтыя словы прымусілі Аляксандра Мікалаевіча задумацца, а ў далейшым пачаць адбіраць экспанаты, якіх ужо тады было дастаткова. Так з’явілася названая экспазіцыя.
На ёй прадстаўлены палявая і парадная казацкая форма і пагоны, самыя галоўныя прадметы для кожнага казака — шашка і нагайка, граматы і медалі, атрыманыя членамі Пастаўскага казацкага аддзела, яго сцяг і напрамкі дзейнасці, адлюстраваныя ў фотаздымках, тэксты прысягі і гімна казацтва і іншае. Убачыць усё гэта пажадалі не толькі школьнікі і ваеннаслужачыя, але і намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Субко, старшыні раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч і раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава, якія прыйшлі на выставу.
Экскурсію для іх правёў навуковы супрацоўнік музея Дзмітрый Васільеў. Расказ ён пачаў з гісторыі з’яўлення казацтва і паходжання слова «казак», перайшоўшы да рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускае казацтва» і непасрэдна Пастаўскага казацкага аддзела, гісторыя якога пачалася 30 лістапада 2006 года. Тады ў сценах храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Паставах адбылося першае на Віцебшчыне прыняцце казацкага слова, а сама арганізацыя была зарэгістравана ў галоўным упраўленні юстыцыі Віцебскага аблвыканкама. Дзмітрый даволі падрабязна расказаў пра ўсе экспанаты выставы, супрацоўніцтва казакоў з царквой, раённым аддзелам унутраных спраў і ўстановамі адукацыі горада па ахове грамадскага правапарадку ў будныя дні і падчас правядзення культурна-масавых і палітычных мерапрыемстваў, патрыятычным выхаванні моладзі, удзел у рабоце па захаванні памяці пра загінулых абаронцаў Айчыны.
— Сёння мы ўбачылі, якую вялікую работу праводзіць Пастаўскі казацкі аддзел, прычым на грамадскіх пачатках, — адзначыў пасля заканчэння экскурсіі Станіслаў Чымбург. — Дзякуй за яе і падрыхтаваную разам з музеем выставу. Спадзяюся, яна зацікавіць многіх жыхароў горада і раёна і яны прыйдуць у палац. Ну а казакам хачу пажадаць росквіту, каб яны і далей прырасталі сапраўднымі патрыётамі.
Алена Шапавалава