Сакрэт поспеху ад калег са стажам пераймаюць навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, якія цяпер праходзяць вытворчую практыку на сельгаспрадпрыемствах раёна.
У ААТ «Навасёлкі-Лучай» у полі сустрэла вопытнага механізатара Часлава Куста і практыканта Андрэя Жабінскага. Першы ў гаспадарку з сям’ёй пераехаў мінулым летам з Браслаўскага раёна. За гэты час паспеў абжыцца. Усё чалавека задавальняе. Андрэй — з Лучая. Сёлета заканчвае вучобу ў нашым каледжы. Мама хлопца працуе аператарам машыннага даення. Вясковая работа і яму добра знаёмая. Працаўладкавацца плануе ў «Навасёлкі-Лучай». Цяпер практычныя веды чэрпае ад калегі са стажам.
— Андрэй у тэхніцы разбіраецца, — хваліў свайго вучня Часлаў Куст. — Дыскуем з ім глебу. Давяраю яму руль, назіраю за работай. Усе мы пачыналі з нуля, бо тэарэтычныя веды — адна справа, а кіраваць трактарам з прычапным абсталяваннем — зусім другая.
Навыкі прыходзяць з часам. А яшчэ, каб працаваць у сельскай гаспадарцы, трэба быць вынослівым, фізічна моцным: рабочы дзень падчас напружаных палявых работ звычайна ненармаваны, выхадныя выпадаюць рэдка.
— Агульную мову са сваім настаўнікам знайшоў хутка, — гаварыў Андрэй. — Ды і іншыя механізатары гаспадаркі заўсёды падкажуць, калі чаго не ведаю. Камандны дух падабаецца.
Анна Анішкевіч