З дыпломамі лаўрэатаў вярнуліся з VII Адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў на аркестравых інструментах імя М. К. Агінскага навучэнцы Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза Канстанцін Шыдлоўскі і Андрэй Міхайлаў.
Арганізатарам конкурсу па традыцыі выступіў Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж, які носіць імя названага кампазітара. 24—25 сакавіка ён сабраў у сваіх сценах удзельнікаў з усёй Беларусі, былі нават два юныя музыканты з Расіі. 64 выканаўцы прадстаўлялі дзіцячыя школы мастацтваў, 106 — музычныя каледжы.
Пастаўчане ўдзельнічалі ў гэтым творчым спаборніцтве ўпершыню. Для таго, каб паехаць на яго, давялося прайсці адбор у сваёй школе. У выніку з усіх прэтэндэнтаў «зялёнае святло» атрымалі Канстанцін Шыдлоўскі і Андрэй Міхайлаў. Абодва хлопцы з’яўляюцца ўдзельнікамі ўзорнага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Леаніда Косава, першы грае на трубе, другі — на барытоне. На конкурсе яны выконвалі па два творы: буйной формы (канцэрты) і выбраны на свой густ.
Нягледзячы на вялікую канкурэнцыю, выканальніцкае майстэрства аркестрантаў не засталося незаўважаным членамі журы, у складзе якога былі педагогі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У малодшай узроставай групе нашы землякі ўдастоены дыпломаў ІІІ ступені ў адпаведных намінацыях. З чым іх і віншуем!
Алена Шапавалава
Фота даслала Пастаўская ДШМ імя А. Тызенгаўза