Святочная цырымонія ўшаноўвання найлепшых жывёлаводаў вобласці прайшла ў Доме культуры Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Са словамі падзякі за нялёгкую, але такую неабходную працу да прысутных звярнуліся Леанід Заяц і Аляксандр Субоцін. Больш за 100 прадстаўнікоў жывёлагадоўчай галіны вобласці заахвочаны ўзнагародамі ад Прэзідэнта краіны, Мінсельгасхарчу, аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, абласнога камітэта БРСМ. Прыемна, што сярод іх ёсць і пастаўчане.
Нагруднага знака Мінсельгасхарчу Беларусі «За заслугі ў сельскай гаспадарцы» ўдастоены першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Лютынскі. Аграпрамысловы комплекс нашага раёна ён узначальвае шосты год. Шмат увагі ўдзяляе ўкараненню прагрэсіўных тэхналогій, рацыянальнаму выкарыстанню зямельных рэсурсаў, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы раёна і ўкамплектаванню сельгасарганізацый энерганасычанай тэхнікай. У мінулым годзе на Пастаўшчыне забяспечаны рост вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі на 107,5%. Сярэдні надой ад каровы склаў 4 462 кілаграмы малака, што на 150 кг больш, чым у 2021 годзе. Генадзія Іосіфавіча і ў будны, і ў выхадны дзень можна сустрэць на фермах гаспадарак, у полі. Ён заўсёды цікавіцца як вытворчымі паказчыкамі, так і асабістымі справамі работнікаў, карыстаецца ў іх аўтарытэтам.
Ганаровую грамату камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама атрымала аператар машыннага даення ААТ «Навасёлкі-Лучай» Алена Найдзёнак. На рабатызаванай ферме «Коўзаны» яна абслугоўвае 110 кароў. Ад кожнай летась надаіла 8 389 кг — на 2 416 кг больш за сярэдні паказчык па гаспадарцы. Валавы надой у яе групе за мінулы год склаў 912 тон, што на 94 тоны больш, чым у 2021-м.
Аператар машыннага даення Святлана Карпушанка, аператар па адкорме і вырошчванні жывёлы Ірына Суслава з ААТ «Хацілы-агра» ўзнагароджаны Ганаровай граматай аблвыканкама і Падзякай старшыні аблвыканкама адпаведна. Святлана працуе на рабатызаваным комплексе ў Волахах. Пры сярэднім надоі 9 361 кілаграм валавы надой за 2022 год склаў 935 тон. Ірына на ферме «Курты» даглядае 120 цялят. Кожнае за суткі прыбывае ў сярэднім на 960 грамаў, захаванасць — 99%.
Жанчыны лічаць, што поспеху спрыяе дастатковая колькасць кармоў высокай якасці, адказная работа ветэрынарнай службы. Нездарма ветурач сельгаспрадпрыемства Анастасія Власава адзначана Падзякай абласнога камітэта БРСМ. Анастасія ў ААТ «Хацілы-агра» працавала ветфельчарам. З кастрычніка 2021 года выконвае абавязкі галоўнага ветурача. Яна адказная за 6 340 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку за 1 880 кароў, якія ўтрымліваюцца на фермах гаспадаркі.
— Жывёлаводы ў нас адказныя, усе стараюцца, — гаварыла Анастасія Власава. — Але любы поспех — гэта ў першую чаргу заслуга кіраўніка гаспадаркі. Нам вельмі пашанцавала з Вячаславам Іосіфавічам Крыштафовічам: ён разбіраецца і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі, а яшчэ — сапраўдны гаспадар, які лічыць кожную капейку і ўкладвае яе ў развіццё вытворчасці. Таму ў нашых «Хацілах-агра» і намалоты збожжа, і надоі малака, і прывагі жывёлы высокія.
У складзе дэлегацыі нашага раёна былі таксама першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуард Януковіч, галоўны ветурач раёна Андрэй Масцяніца, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілій Катовіч, намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі ААТ «Навасёлкі-Лучай» Іван Кісель.
Анна Анішкевіч