Быць у гушчыні падзей
На мінулым тыдні ў райвыканкаме прайшла вучоба ідэалагічнага актыва раёна. На ёй прысутнічалі намеснікі кіраўнікоў калектываў па ідэалагічнай рабоце, а таксама спецыялісты, на якіх ускладзены абавязкі па яе арганізацыі. У семінары ўдзельнічаў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік.
Ён адзначыў, што эканоміка і ідэалогія ідуць поплеч, а ідэолагі былі і застаюцца галоўнымі праваднікамі дзяржаўнай палітыкі. Ідэалагічная работа ў сучасных умовах патрабуе новых метадаў: вялікае ўздзеянне на чалавека, асабліва на моладзь, аказвае інтэрнэт. А значыць, падыход да маладых людзей павінен быць індывідуальным, больш тонкім і пераканаўчым. Ідэалагічныя работнікі абавязаны прыкладваць сілы для кансалідацыі грамадства, умацавання ў ім ідэй міру і стваральнай працы, выхоўваць у моладзі патрыятызм, пачуццё гордасці за Беларусь і дасягненні старэйшага пакалення. Ім трэба ведаць адказы на пытанні, якія хвалююць чалавека, даваць аб’ектыўную характарыстыку таму, што адбываецца ў краіне, раёне.
Роля ідэолагаў у развіцці грамадства вялікая. Іх задача — ствараць добразычлівую атмасферу ў калектывах, дзе яны працуюць. Сяргей Чэпік адзначыў, што ідэолагі Пастаўшчыны маюць цвёрдую грамадзянскую пазіцыю, накіроўваюць людзей на выкананне пастаўленых перад імі задач. Яны заўсёды ў гушчыні падзей: арганізуюць розныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, праводзяць дзяржаўныя святы.
— Вам трэба ўмець беспамылкова ацэньваць сітуацыю, расстаўляць акцэнты і цвёрда заставацца на пазіцыях паслядоўнасці, прынцыповасці, мэтанакіраванасці. Поспехі прадпрыемстваў, арганізацый, узаемаадносіны ў калектыве ў многім залежаць ад вашай работы, кампетэнтнасці, камунікацыйных здольнасцей. Быць у курсе ўсіх спраў, валодаць інфармацыяй і даносіць яе людзям, адчуваць іх настрой, прапагандаваць нацыянальныя каштоўнасці — вось найважнейшыя задачы ідэалагічных работнікаў, — падсумаваў Сяргей Чэпік.
Прысутныя цікавіліся ў кіраўніка раёна перспектывамі развіцця рэгіёна, уздымалі пытанні аховы здароўя, рамонту дарог, добраўпарадкавання населеных пунктаў і іншыя.
Анна Анішкевіч