За 30 кіламетраў ад месца катастрофы
26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай АЭС здарылася найбуйнейшая за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі аварыя: рэактар на 4-м энергаблоку быў поўнасцю разбураны, і вялікая колькасць радыеактыўных рэчываў трапіла ў навакольнае асяроддзе. У ліквідацыі наступстваў катастрофы ўдзельнічалі сотні тысяч людзей. Тысячы мясцовых жыхароў былі вымушаны пакінуць родныя мясціны, якія хутка сталі бязлюднымі. Але знаходзіліся і тыя, хто хацеў пажывіцца чужым дабром. На іх шляху стаялі атрады міліцыі, якія дапамагалі ў адсяленні, патрулявалі апусцелыя населеныя пункты, выконвалі задачы па спыненні марадзёрства. Пра службу ў 30-кіламетровай зоне адчужэння мне расказалі ветэраны Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Алег Парневіч, Вячаслаў Анціховіч і Павел Кішко.
Ніколі не забыць людскіх вачэй
14 мая 1986 года Алег Парневіч збіраўся на работу ў аддзел пазаведамаснай аховы (так называлася тады аддзяленне Дэпартамента аховы). Але незадоўга да выхаду з дома ў дзверы пастукаў вадзіцель і паведаміў, што яму неабходна ехаць у камандзіроўку ў чарнобыльскую зону. Міліцыянеры, як і ваенныя, загады не абмяркоўваюць. І Алег Баляслававіч разам з Алегам Лысёнкам з аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС першымі з пастаўчан увайшлі ў зводны атрад супрацоўнікаў міліцыі па забеспячэнні парадку ў выселеных вёсках.
Вячаслаў Анціховіч тады служыў у аддзяленні ДАІ Бешанковіцкага раёна. Пасля аварыі на ЧАЭС яго адправілі на курсы дазіметрыстаў, а ў ліпені 1986-га — у 30-кіламетровую зону (тэрыторыя Брагінскага раёна). Дома засталіся жонка і паўтарагадовы сын. У зоне адчужэння ён сустрэў і пастаўчан — братоў Трафімавых, Валянціна Руткоўскага. Яны былі землякамі жонкі Вячаслава. У 1996-м Анціховічы пераехалі ў Паставы, і Вячаслаў Грыгор’евіч уладкаваўся на службу ў аддзел пазаведамаснай аховы, дзе пасябраваў з Алегам Парневічам і Паўлам Кішко.
Вельмі кароткім быў мядовы месяц у Паўла Кішко: 13 верасня 1986 года маладыя згулялі вяселле, а 30-га ён ужо быў у камандзіроўцы за 30 кіламетраў ад месца катастрофы.
Усе трое да драбніц памятаюць кожны дзень, праведзены ў зоне павышанага ўзроўню радыяцыі. Гэта пастаянны металічны прысмак у роце, анамальна высокая тэмпература паветра, нясцерпная смага, пустыя вуліцы і дамы, цёмныя вокны… Міліцыянеры жылі хто ў будынку школы, хто — у палатцы. Ім выдавалі спецадзенне, рэспіратары, індывідуальныя дазіметры. Дзяжурылі па 12 гадзін. Асноўнай задачай атрада была ахова магазінаў, складоў, дамоў і маёмасці ў іх. Вартавыя парадку ставілі на дзверы дамоў пломбы, перыядычна правяралі іх наяўнасць, сачылі, каб не было падпалаў.
У той час усе думалі, што эвакуацыя часовая, у людзей жыла надзея, што яны вернуцца сюды.
— Мне асабіста запомніліся вочы мясцовых жыхароў, якія вымушана ў спешным парадку пакідалі жыллё і ўсё нажытае гадамі, — гаварыў Алег Парневіч. — У гэтых вачах быў такі боль! Некаторыя старыя ўсё ж заставаліся. Ідзеш ноччу па вёсцы — цішыня гнятлівая, электрычнасць адключаная, цемната, а ў доме гарыць свечка, за сталом сядзіць чалавек. Гэта так дзіка! Людзі не разумелі маштабаў трагедыі і яе наступстваў. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны гаварылі: «На фронце мы бачылі ворага і з ім ваявалі. А што тут пагражае майму жыццю?»
Жудасна і трывожна
У маі, калі ў зону адчужэння прыехаў Алег Парневіч, прырода раскашавала: наўкола зеляніна, птушкі спяваюць — прыгажосць! Вячаслаў Анціховіч змяніў папярэднікаў у ліпені. Знаходжанне Паўла Кішко ў 30-кіламетровай зоне прыпала на кастрычнік. Многія вёскі к восені так пазарасталі бур’яном, што іх немагчыма было адшукаць. К таму часу адзічэла пакінутая гаспадарамі хатняя жывёла, балюча было на яе глядзець. І калі кароў, коней, свіней ліквідавалі ў першую чаргу, то птаства заставалася. Куры ад галодных сабак ратаваліся, узлятаючы на дрэвы, гусі, качкі навучыліся пералятаць у іншыя месцы. Сабакі і каты збіраліся ля патрульных машын і чакалі, калі іх пакормяць. Міліцыянеры дзяліліся з імі сухім пайком, выдадзеным на змену.
А як вабілі ў агародах клубніцы, вялікія сакавітыя яблыкі ў садах, мноства грыбоў у лесе, рыбы ў вадаёмах! Некаторыя не маглі ўтрымацца: мылі садавіну мінеральнай вадой і елі, лавілі рыбу і варылі юшку. Эфектыўным метадам для змывання радыеактыўнага пылу з цела лічылася мыццё ў лазні. А вось электронны гадзіннік на забруджанай тэрыторыі не працаваў…
Савічы, Глухавічы, Чыкалавічы, Новы Сцяпанаў і іншыя пустыя населеныя пункты пастаўчане патрулявалі ў складзе зводнага атрада. Там у дамах засталося шмат каштоўных рэчаў, і яны былі прыцягальнымі для аматараў лёгкай нажывы. Смяротная небяспека ў выглядзе радыяцыі іх не спыняла. Марадзёры пранікалі ў зону адчужэння ноччу, абходнымі шляхамі. Некаторыя ўмудраліся браць пропускі і прыязджалі на машынах: вывозілі мэблю, дываны і многае іншае. Трапляліся і «металісты», якія выпілоўвалі метал і забіралі яго для далейшага выкарыстання. Жудасна і трывожна было ад разумення, што радыяцыя мала таго што разносілася ветрам, дык яшчэ — і людзьмі.
У чарнобыльскай зоне Алег Парневіч і Павел Кішко ў другі раз пабывалі праз год: у складзе ансамбля «Вітанне», які дзейнічаў пры РАУС, выступалі перад тымі, хто тады нёс службу ў Нароўлі. Пасля канцэрта артыстаў вазілі на экскурсію ў зону адчужэння. Многія вёскі к таму часу ўжо былі зруйнаваныя і закапаныя ў зямлю.
Памяць пра тых, хто адышоў
З моманту аварыі на ЧАЭС мінула 37 гадоў. Мае суразмоўцы ўспаміналі не толькі час знаходжання ў зоне адчужэння, але і тых, з кім разам тады былі ў камандзіроўцы: братоў Ігара і Вячаслава Трафімавых з Варапаева, Валянціна Руткоўскага з Пастаў, Алега Лысёнка з Юнек. На жаль, яны ўжо даўно пайшлі з жыцця. Несумненна, зрабіла сваю справу радыяцыя…
Алег Парневіч, Вячаслаў Анціховіч і Павел Кішко ў адзін дзень звольніліся з аддзялення Дэпартамента аховы, атрымаўшы права на пенсію. Але без справы не засталіся: доўгі час працавалі вартаўнікамі ў АДРАЦ «Ветразь». Пазней Вячаслаў Анціховіч уладкаваўся ў Пастаўскі мэблевы цэнтр, дзе быў брыгадзірам, станочнікам, цяпер — у ахове цэнтра. Працягваюць працаваць і Павел Кішко з Алегам Парневічам. Актыўныя ўсе трое і ў грамадскім жыцці. Заўсёды адклікаюцца на запрашэнні кіраўніцтва аддзялення на розныя святочныя мерапрыемствы. Удзячныя, што іх памятаюць, шануюць, аказваюць матэрыяльную дапамогу.
Анна Анішкевіч