Растуць у прафесіі на Віцебшчыне
28 сакавіка ў Полацку адбыўся першы этап абласнога форуму працоўнай моладзі «Віцебская вобласць. Кропкі росту». Ён аб’яднаў паўсотні ўдзельнікаў з Полацкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Пастаўскага і іншых раёнаў.
Асноўныя мэты форуму, арганізаванага Віцебскім аблвыканкамам, — садзейнічаць адаптацыі і замацаванню моладзі на сваіх рабочых месцах, дапамагчы вырашыць праблемныя пытанні. «Важна забяспечыць аптымальныя ўмовы для развіцця маладзёжных ініцыятыў, выявіць маладзёжных лідараў, стварыць і распаўсюджваць эфектыўныя мадэлі і формы ўдзелу моладзі ў грамадскім жыцці. Таксама трэба рэгламентаваць дзейнасць саветаў працоўнай моладзі ў рэгіёнах Віцебшчыны, аказаць ім метадычную дапамогу», — адзначылі напярэдадні мерапрыемства ў абласным выканаўчым камітэце.
У складзе дэлегацыі нашага рэгіёна на форум адправіліся работнікі Пастаўскага РАНС, дзіцячага садка №6 і завода «Беліт» Віталій Змітровіч, Таццяна Вішнеўская і Маргарыта Ізафатава. Узначаліла дэлегацыю галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Субко.
Працоўная моладзь у той дзень сабралася на гуманітарным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай. Для яе былі арганізаваны маладзёжныя інтэнсівы на тэмы: «Тэхналогія публічнага выступлення», «Сакрэты паспяховага кіраўніка», «Рэалізацыя маладзёжных ініцыятыў, гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Спікерамі на іх выступілі прадстаўнікі маладзёжнага савета пры Міністэрстве адукацыі Беларусі і галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.
Удзельнікі мерапрыемства таксама наведалі ААТ «Полацк-Шкловалакно» — пабывалі з экскурсіяй у цэхах прадпрыемства і яго музеі, пазнаёміліся з работай савета працоўнай моладзі — першага, створанага ў вобласці.
— Для нас, маладых людзей, Віцебшчына з’яўляецца кропкай росту ў прафесійным плане. Тут мы робім першыя крокі ў працоўнай дзейнасці і тут пачынаем развіццё як спецыялісты, — адзначыў Віталій Змітровіч, які летась пасля заканчэння Універсітэта грамадзянскай абароны прыйшоў маладым спецыялістам у РАНС. — Упэўнены: кожнаму ў рэгіёнах дадзены шэраг магчымасцей для развіцця, варта толькі ўмець імі скарыстацца. Пераканаўся ў гэтым на прыкладзе сваёй службы. Пастаўшчына для мяне не родная (я родам з Шаркаўшчынскага раёна), аднак адчуваю тут сябе камфортна і заўжды магу разлічваць на падтрымку і дапамогу старэйшых калег. Важна і тое, што паступова знаходжу новых сяброў, аднадумцаў. Форум, які прайшоў у Полацку, гэтаму таксама паспрыяў.
Другі этап абласнога форуму праходзіць у Оршы сёння, 5 красавіка.
Іна Сняжкова
Фота даслала Наталля Субко