Новый «Кировец» с культиватором доверили механизатору ОАО «Хотилы-агро» Алексею Морозу

Главное Сельское хозяйство

«Чалавек года Міёршчыны» – на хацілаўскай зямлі

У лістападзе мінулага года ААТ «Хацілы-агра» набыло новы «Кіравец» з культыватарам. Да вясны заставалася загадкай, за кім кіраўніцтва гаспадаркі яго замацуе. 1 красавіка галоўны інжынер Валерый Курто ключы ад новага трактара ўручыў Аляксею Марозу. У гэтыя дні механізатар заняты на падрыхтоўцы глебы пад сяўбу яравых культур.

Радзіма Аляксея — Міёршчына. У сям’і выхоўваліся ён і старэйшая сястра. Бацька, Віктар Іосіфавіч, — адзін з найвопытнейшых механізатараў філіяла «Павяцце» СУП «Чэрасы» — заўсёды з радасцю браў да сябе ў кабіну трактара сына, таму смак механізатарскага хлеба хлопец зведаў рана. Будучы старшакласнікам, на час жніва ўладкаваўся памочнікам на камбайн і прайшоў сур’ёзную працоўную загартоўку. Назіраў за бацькам, бачыў, як якасна ён выконвае любую работу. І ў будучыні ўяўляў сябе толькі на тэхніцы. Пасля заканчэння школы паступіў у Відзаўскае прафтэхвучылішча, атрымаў спецыяльнасці газа­электразваршчыка і трактарыста.

Аляксею было 18, калі ад каварнай хваробы памерла мама. Праз год у доме Марозаў з’явілася маладая гаспадыня. З Надзеяй з суседняй вёскі Лёша пазнаёміўся на дыскатэцы. Сустракаліся два гады і ўрэшце пажаніліся. Надзя закончыла наваполацкі каледж па спецыяльнасці «Страхавая справа». Але ў аграгарадку Павяцце работы па спецыяльнасці не было. Пераязджаць у горад не хацелася, і Надзя вырашыла пайсці ў жывёлагадоўлю — занялася прывычнай для вясковай дзяўчыны справай. Мясцовая гаспадарка вы­дзеліла маладой сям’і жыллё. У ім нарадзіліся сынок Вадзім і дачушка Ксенія. Абзавяліся гаспадаркай, пасадзілі сад і мноства кветак ля дома.

Новый «Кировец» с культиватором доверили механизатору ОАО «Хотилы-агро» Алексею Морозу

На сельгаспрадпрыемстве работы заўсёды шмат. Вясной на энерганасычаным трактары з культыватарам Аляксей культываваў глебу, на час корманарыхтоўкі адвозіў зялёную масу на закладку сенажу, у перыяд жніва ўбіраў збожжавыя. Усюды быў у перадавіках. А па выніках работы за 2021 год Аляксей Мароз быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Міёршчыны».

— Сапраўды, мяне цанілі, — гаварыў Аляксей. — Заўсёды давяралі добрую тэхніку. У складзе дэлегацыі Міёрскага раёна я ўдзельнічаў у VI Усебеларускім народным сходзе. У Павяцці задавальняла ўсё, акрамя заработнай платы. Калі гутарыў са сваімі землякамі, якія пераехалі ў Хацілы, па-добраму зайздросціў ім: за такую ж работу, якую выконваў і я, яны зараблялі ў разы больш. Доўга з Надзяй вагаліся, але ўсё ж вырашылі памяняць месца жыхарства. Пераехалі сюды летась перад пачаткам жніва.

Навасёлам у Хацілах вы­дзелілі добраўпарадкаваную кватэру. Надзея прыняла групу цялят на адкорме, Аляксей сеў на зернеўборачны камбайн. Нягледзячы на тое, што тэхніка не новая (адпрацавала 12 сезонаў), па выніках уборкі заняў 1-е месца ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў, намалаціўшы 1 312 тон зерня.

Радуецца працавітаму папаўненню і кіраўніцтва ААТ «Хацілы-агра».

— Аляксей з першых дзён зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку, — характарызаваў Мароза галоўны інжынер гаспадаркі Валерый Курто. — Ён сапраўдны майстар на ўсе рукі! Трактар, зернеўборачны камбайн, любыя прычапныя агрэгаты можа якасна адрамантаваць. А галоўнае — мае жаданне шчыра працаваць. Сумленны, дысцыплінаваны. Якую б работу ні выконваў, зробіць з максімальнай выпрацоўкай. Таму новы «Кіравец» і замацавалі за ім.

Аляксея сустрэла ў полі каля Куртаў: ён культываваў глебу. Настрой у маладога механізатара быў цудоўны.

— У полі — чацвёрты дзень, — расказваў. — Пакуль вялікай нагрузкі на трактар і культыватар не даю: трэба, каб прайшлі абкатку. А ў далейшым разлічваю на высокую выпрацоўку.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.