Зашумяць сосны ў Раўках
Лес паміж Сіманамі і Варонамі мясцовыя жыхары называюць Раўкамі. Ён займаў калісьці каля 5 гектараў. Праз Раўкі праходзіць дарога ў Сіманы. Гадоў 50 таму вяскоўцы тут выкопвалі ямы, у якіх захоўвалі кармавыя буракі і насенную бульбу. Дзеці ў гэтым лесе гулялі ў «вайнушку». Цяпер тыя «салдаты» ўжо пенсіянеры. У Сіманах засталася толькі адна карэнная жыхарка, яшчэ двое (муж і жонка), атрымаўшы права на заслужаны адпачынак, пераехалі сюды ў бацькоўскую хату з райцэнтра, яшчэ некалькі ўраджэнцаў вёскі апрацоўваюць участкі і садзяць тут агародніну.
У лютым мінулага года ў Раўках лясгасаўцы пачалі выразаць лес. І гэта стала балючай тэмай для бурнага абмеркавання: землякі перасылалі адно аднаму фотаздымкі амаль голага ўчастка, абураліся дзеяннямі леснікоў, тэлефанавалі ў лясгас у надзеі спыніць высечку. Спецыялісты тлумачылі, што лес дасягнуў узросту спеласці і калі прамарудзіць, драўніна не будзе мець каштоўнасці. З часам нараканні людзей сціхлі, але, праязджаючы праз участак, сэрца кожнага заўсёды шчымела.
У мінулую суботу ў Раўках было мнагалюдна: дэсант добраахвотнікаў з ліку ваеннаслужачых 1-га радыётэхнічнага цэнтра, пагранкамендатуры «Паставы», пагранзаставы «Ярэва», выхавальнікаў дзіцячага садка №3 з мікрараёна будаўнікоў, навучэнцаў гімназіі з настаўніцай Нінай Субач высадзіўся тут для ўдзелу ў «Тыдні лесу». Памочнікаў вітаў інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі лясгаса Віталій Хаткевіч. Прайшоўшы інструктаж па ахове працы і пасадцы лесу, мужчыны, узброіўшыся мячамі Колесава, а жанчыны і дзяўчаты — саджанцамі, распачалі работу. Аб’ём пасадкі — 0,7 гектара. Некаторыя навучэнцы гімназіі працавалі разам з ваеннымі. Не праміналі пацікавіцца ў іх шляхам у прафесію, умовамі службы. І тыя ахвотна расказвалі пра свае будні, гарантыі пры паступленні на ваенную службу. Падумалася: паралельна з экалагічным выхаваннем моладзі вядзецца і прафарыентацыйная работа.
Пасадкі будуць змешанымі: 8 радоў зойме сасна, 2 — бяроза. Як сцвярджаюць леснікі, бяроза можа расці і да 400 гадоў, але драўніна страчвае каштоўнасць пасля 60-70. Сасне, каб вырасці, саспець і стаць прыгоднай для выкарыстання, спатрэбіцца 80 гадоў. Яе высаджвалі ў суботу. Вядома, убачыць канчатковы вынік сённяшняга старання ўсім дарослым удзельнікам акцыі наўрад ці ўдасца. Такі шанс ёсць у сямігадовага Ромы Цеплякова, які садзіў лес разам з бацькам — намеснікам начальніка 1-га РТЦ Сяргеем Цепляковым. Хлопчык хутка навучыўся рабіць лункі мячом Колесава (глеба тут пясчаная, і меч лёгка заходзіць у яе), потым, аддаўшы прыладу працы бацьку, акуратна апускаў саджанцы ў лунку і прытоптваў вакол іх зямлю. Прытаміўшыся, ішоў у машыну адпачыць, але хутка зноў вяртаўся.
Музычны работнік дзіцячага садка №3 Юлія Януш і майстар лесу Груздаўскага лясніцтва Вікторыя Стук прызналіся, што вельмі любяць лес. І калі першая звычайна збірае ў ім грыбы і ягады, адпачывае, то для другой лес — месца працы. Удзел у экалагічнай акцыі для абедзвюх — добрая традыцыя, магчымасць пакінуць пасля сябе памяць наступным пакаленням.
А ўраджэнцы Сіманаў, захаваўшы фотаздымкі той высечкі лесу, а таксама сёлетняй акцыі, будуць па іх расказваць нашчадкам сваю гісторыю лесу ў Раўках.
Анна Анішкевіч