Майстэрства таму даецца, хто ўвесь справе аддаецца
Так называлася сустрэча ў гасцёўні раённага Дома культуры, якая адбылася ў пачатку красавіка і прысвячалася тэме настаўніцтва. Яе героямі сталі сапраўдныя прафесіяналы, захопленыя сваёй справай людзі, якія ўмеюць зацікавіць іншых, навучыць і перадаць веды дзецям, дабіваючыся разам з імі выдатных вынікаў і перамог.
І гэта даказвала выстава дасягненняў, арганізаваная ў фае Дома культуры. На ёй побач з дыпломамі, кубкамі і медалямі было прадстаўлена тое, з чым працуюць настаўнікі і вучні і што з гэтага атрыміваецца. Ну а размова пра настаўніцтва пайшла ў творчай гасцёўні, куды ў якасці гасцей запрасілі выкладчыкаў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера Ганну Дралінскую, Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай ДШМ імя І. Сушко Алену Салавей, Ірыну і Людмілу Счасных, педагога раённага цэнтра дзяцей і моладзі, майстра па саломапляценні Таццяну Дзегцярук, кіраўнікоў узорнага духавога аркестра Леаніда Косава, узорнай цыркавой студыі «Каскад» Алёну Дзіль і ваенна-спартыўнага клуба «Азімут» Сяргея Сядых, трэнера па вольнай барацьбе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Андрэя Крукоўскага і іх вучняў, а таксама Вольгу Ярашэвіч з дачкой Златай.
Вядучая гасцёўні Алена Слядзеўская пачынала расказваць пра кожнага героя, а затым задавала ім пытанні, і такім чынам ужо госці апавядалі пра сябе. З інтэрв’ю з імі прысутныя на сустрэчы даведаліся шмат цікавага: як настаўнікі знайшлі справу па душы, якое ў іх жыццёвае крэда, пра асаблівасці навучання і выкладання, узаемаадносіны з вучнямі, поспехі апошніх і іншае. Убачылі тых, каму настаўнікі перадаюць сваё майстэрства, і змаглі яго ацаніць. Выступленні дзяцей сталі яркімі акцэнтамі мерапрыемства.
Сярод гасцей быў адзін адрозны ад астатніх тандэм — маці і дачка, Вольга і Злата Ярашэвіч. Іх запрасілі на сустрэчу, каб паказаць, наколькі важная для дзіцяці, які займаецца спортам або творчасцю, падтрымка сям’і, блізкіх людзей. Ну а пералік толькі самых значных дасягненняў 13-гадовай дзяўчынкі за мінулы год заняў некалькі хвілін.
Усе ўдзельнікі гасцёўні атрымалі памятныя дыпломы, а настаўнікі — яшчэ і кветкі ў знак удзячнасці за сваю працу.
Алена Шапавалава