Са Сталіцы – у Паставы
З маладым вадзіцелем ДРБУ-132 Міхаілам Якушавым я пазнаёмілася мінулым летам на жніве ў ААТ «Кураполле-агра», калі яго разам з вопытнымі калегамі Чаславам Рагінем і Антонам Галінскім камандзіравалі перавозіць збожжа ад камбайнаў на зернясклад. Работай шэфаў-гараджан у гаспадарцы былі задаволеныя. Асабіста мне Міхаіл спадабаўся сціпласцю, добразычлівасцю, разважлівасцю. А нядаўна на справаздачным сходзе ў ДРБУ начальнік прадпрыемства Станіслаў Рагіня ставіў Міхаіла ў прыклад іншым. За добрасумленную працу хлопец удастоены Падзякі старшыні райвыканкама.
— Нарадзіўся я і жыў у Сталіцы, — загадкава ўсміхаўся Міхаіл, расказваючы пра сябе. — Не, не ў Мінску! Так называецца мая вёска ў Шаркаўшчынскім раёне. Там закончыў базавую школу. У сярэдняй вучыўся ў Германавічах. Вазіў нас туды школьны аўтобус. Вадзіцелем працуе бацька. Тэхніка вабіла і мяне са старэйшым братам. Мы пастаянна ля яе круціліся. Мне было гадоў восем, калі першы раз крыху паруліў. З таго часу ўяўляў сябе ў будучыні толькі за рулём машыны.
Пасля заканчэння школы для далейшай вучобы Міхаіл выбраў Пастаўскі дзяржаўны каледж: і недалёка ад дома, і знаёмыя, якія вучыліся тут, рэкамендавалі. Атрымаўшы спецыяльнасць слесара па рамонце аўтамабіляў і вадзіцельскае пасведчанне, паступіў на другую ступень навучання — на тэхніка-механіка. Вытворчую практыку праходзіў у ДРБУ-132. Хлопцу спадабаліся бацькоўскія адносіны начальніка да маладых работнікаў, знайшоў падтрымку сярод старэйшых вадзіцеляў.
— Міхаіл з першых дзён практыкі зарэкамендаваў сябе сур’ёзным, пунктуальным, — гаварыў на сходзе Станіслаў Рагіня. — Таму і прапанавалі яму працаўладкавацца ў нашу арганізацыю. І не прагадалі: хлопец адказны, любіць тэхніку і беражэ яе. Любое заданне выконвае своечасова і якасна. Прыйшоў час Міхаілу ісці на тэрміновую службу — праводзілі і наказалі вяртацца да нас. Пакуль быў у арміі, не выпускалі яго з поля зроку, цікавіліся справамі.
Служыў Міхаіл ва ўнутраных войсках у Мінску. Была магчымасць застацца на службу па кантракце. Але ў Паставах яго чакала каханая. Святлана — глыбачанка. Яна таксама вучылася ў пастаўскім каледжы на повара, на працу ўладкавалася ў дзіцячы садок. Вярнуўся ў Паставы і Міхаіл. Кіраўніцтва дарожнага прадпрыемства адправіла яго на курсы кранаўшчыкоў. Практычныя веды пераймаў ад Іосіфа Пузана, а потым замяняў яго на час водпуску. Даводзілася разгружаць пліты для сянажных траншэй каля фермы ў Буцавічах, трубы для будаўніцтва дарогі да новага мікрараёна па вуліцы Юбілейнай.
За Міхаілам Якушавым замацаваны МАЗ-5551 2001 года выпуску. У перыяд снегападаў і галалёдзіцы вадзіцель расчышчае дарогі ад снегу і пасыпае пясчана-салянай сумессю. У непагоду рабочы дзень можа пачынацца і ў 2 гадзіны ночы, і ў 4 раніцы. Праца любога вадзіцеля складаная, а вадзіцеля-дарожніка — складаная ўдвайне, бо ад яго работы залежыць бяспека руху на дарогах.
Цяпер Міхаіл працуе на перавозцы гравію з кар’ера «Вінцэнтаўскае» да месца яго перапрацоўкі. Наперадзе ў хлопца кароткачасовы водпуск па сямейных абставінах: Міхаіл і Святлана пасля 5 гадоў адносін вырашылі пажаніцца. 22 красавіка яны зарэгіструюць шлюб.
— Паставы пакідаць не збіраемся, — дзяліўся планамі Міхаіл. — Падабаецца горад, задавальняе работа. Пакуль будзем жыць на здымнай кватэры, але мая арганізацыя часткова кампенсуе затраты на аплату камунальных паслуг. Спадзяюся, з часам набудзем уласнае жыллё. А адпачываць будзем у Сталіцы — і ў маёй роднай, і ў беларускай.
Анна Анішкевіч