Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі
Крадзяжы абыходзяцца дорага
З пачаткам на Пастаўшчыне вясенніх палявых работ у гаспадаркі раёна сталі рэгулярна выязджаць рэйдавыя групы ў складзе супрацоўнікаў міліцыі. Іх мэта — не дапусціць крадзяжоў, іншых злачынстваў і правапарушэнняў у аграпрамысловым комплексе. Адначасова з праверкамі праваахоўнікі даводзяць да працаўнікоў палёў і фермаў нормы заканадаўства і адказнасць за іх парушэнне, якія не лішнім будзе ведаць і ўсім астатнім. Вось што расказаў пра гэта старшы інспектар аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Андрэй Барадулін:
— Самымі распаўсюджанымі злачынствамі ў сферы АПК з’яўляюцца крадзяжы таварна-матэрыяльных каштоўнасцей: зерня, жывёлы, ядахімікатаў, гаруча-змазачных матэрыялаў. За іх прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць. Згодна з арт. 11.1 КаАП Рэспублікі Беларусь, дробны крадзеж маёмасці, здзейснены ў тым ліку шляхам махлярства, злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, прысваення ці растраты, выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, цягне за сабой штраф у памеры ад 2 да 30 базавых велічынь або грамадскія работы ці адміністрацыйны арышт. Тут неабходна патлумачыць, што значыць дробны крадзеж. Гэта крадзеж маёмасці юрыдычнай асобы, сума якога не перавышае 10-разовага памеру базавай велічыні.
Калі сума ўкрадзенага большая за 10 базавых ці злачынства здзейснена групай асоб, наступае крымінальная адказнасць. У адпаведнасці з арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, крадзеж караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, або арыштам на тэрмін да 6 месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. За крадзеж, здзейснены паўторна ці групай асоб, можна атрымаць ад 2 гадоў папраўчых работ да 4 гадоў пазбаўлення волі. За крадзеж у буйным памеры — ад 2 да 7 гадоў пазбаўлення волі. Калі ён здзейснены арганізаванай групай ці ў асабліва буйным памеры, давядзецца правесці за кратамі ад 3 да 12 гадоў.
Асобна хачу спыніцца на незаконным абарачэнні афарбаванага дызельнага паліва і бензіну маркі «АІ-92», якія пастаўляюцца ў сельгасарганізацыі раёна. Іх набыццё, захоўванне, выкарыстанне ці рэалізацыя фізічнымі асобамі караюцца штрафам у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь (арт. 13.23 КаАП Рэспублікі Беларусь).
Як вынікае з санкцый прыведзеных артыкулаў, крадзяжы абыходзяцца дорага. Не толькі матэрыяльна, але і ў плане свабоды.
Падрыхтавала Алена Шапавалава