11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў
Восень 1943 года. У вёску Юшкавічы, што на Мядзельшчыне, уваходзяць фашысты і загадваюць мясцовым жыхарам збірацца ў дарогу. Тыя выконваюць загад: запрагаюць коней, сем’ямі садзяцца ў вазы пад пільным наглядам ворага накіроўваюцца ў Лынтупы. Адтуль вяскоўцаў па чыгунцы адпраўляюць на прымусовыя работы ў Германію.
У цесным вагоне, бітком набітым дзецьмі і дарослымі, да мамы туліцца і 8-гадовая Лёля Купрэвіч. Яе пужаюць крыкі і енкі спалоханых людзей, але выйсця няма — трэба цярпець. Тады яна яшчэ не ведала, што цярпець давядзецца больш за год: столькі часу яе сям’я — два малодшыя браты, тата і цяжарная маці — будзе разлучана немцамі. І гэта стане часам жудасных выпрабаванняў…
Усе яны і сёння ў памяці пажылой жанчыны, якая на працягу жыцця пазбягае размоў на гэту балючую тэму. Аднак напярэдадні Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў згадзілася распавесці пра тыя страшныя месяцы, праведзеныя ў Германіі.
Недзіцячыя выпрабаванні
…87-гадовая Леанарда Юльянаўна сустракае мяне ў сваёй кватэры ў мікрараёне 5-га гарадка. Здзіўляюся таму, як добра яна выглядае: нібыта лёс і не выпрабоўваў няшчасцямі. Аднак ужо з першых хвілін гутаркі разумею, наколькі моцная духам перада мной жанчына.
— Нарадзілася я ў Латвіі, куды мае бацькі паехалі на заробкі, — распачала свой аповед Леанарда Масцяніца. — Праз пару гадоў яны вярнуліся на татаву радзіму — у Юшкавічы. Там сям’я прырасла братамі і сястрой, якая, на жаль, памерла маленькай яшчэ да вайны. Жылі ў вялікім, толькі-толькі пабудаваным доме. Але не лёс яму было доўга прастаяць. Хату падпалілі немцы перад тым, як пагнаць вяскоўцаў на прымусовыя работы. Добра памятаю: я з братамі (ім было 2 і 4 гады) сядзела на возе, да якога была прывязаная карова. Тата трымаў каня, каб не пайшоў куды. І раптам — як успыхне хата, нечым аблітая і падпаленая. Мы, дзеці, плачам, маці крычыць… Але бяду ўжо было не спыніць.
У Лынтупах, куды прыгналі жыхароў вёскі, Леанарда добра запомніла лазню, у якую ўсіх перад адпраўкай павялі мыцца.
— Каб вы ведалі, як многа там было людзей! — успамінала малалетні вязень. — І цяпер у вушах стаіць гучны выклік: «Купрэвіч з сям’ёй, заходзьце!» Загадалі распрануцца, а адзенне ў кацёл нейкі кінулі. Я яшчэ маму спытала: «Што, наша адзенне згарыць?» Калі памыліся, далі ўсім чыстую вопратку і загадалі ісці ў вагон. А там людзей — няма дзе яблыку ўпасці. Сядзяць усе кучкамі — сем’ямі. Едзем, едзем, і раптам прыпынак. Немцы загадалі дарослым выйсці. Яны — з вагона, а нас, дзяцей — і зусім малых, і большых — далей вязуць. Крык, гвалт падымаецца — словам не перадаць які. Я сяджу як асінавы ліст калачуся, не падазраваючы, што будзе далей.
Дзяцей прывезлі ў вялікі двухпавярховы цагляны дом у горадзе Лімбургу. Там і жылі. Леанарда памятае, як супакойвала меншых, падбадзёрвала. Немцаў дзіцячы плач раздражняў, і яны знайшлі выйсце: сказалі, што ніколі не аддадуць бацькам, калі не сціхнуць. Паабяцалі, што ўбачаць яшчэ сваіх родных, гэтай надзеяй усе і жылі.
— Па суботах старэйшым дзецям дазвалялі выйсці да высокіх варот, на якіх вісеў вялікі замок, — працягвала жанчына. — Усіх каравуліла высокая строгая жанчына з вінтоўкай на плячы. Яна дазваляла высунуць за вароты рукі. Нямецкія дзеці з нас смяяліся, і толькі самыя старыя людзі нам спачувалі. Казалі: «Кляйнэ кіндэр, кляйнэ кіндэр» і маглі вярнуцца да нас з хлебам. Раз на тыдзень мы мелі права збегаць на сметнік. Адтуль вёдрамі цягалі аб’едкі, шалупінне ад бульбы ці якой іншай гародніны. Усё варылі. Нясмачна было, але елі, каб не хадзіць галоднымі.
Аднойчы на горад пачалі скідваць бомбы. Леанардзе на свае вочы давялося ўбачыць падарваны цягнік, ля якога ляжалі мёртвыя дарослыя, дзеці… Хутка яе з іншымі насельнікамі дома-лагера перавезлі ў нямецкі горад Дыленбург, дзе ўмовы пражывання былі непараўнальна горшымі. Лагер, абнесены дротам, халодныя, з тонкіх дошак баракі, бязлітасныя немцы-наглядальнікі — гэта 8-гадовая дзяўчынка запомніла на ўсё жыццё.
— Падчас адной з бамбёжак ваенныя загадалі бегчы ў кусты, — узгадвала Леанарда Юльянаўна. — Побач з імі рака працякала — там і вырашылі хавацца. Улезлі ў ваду. Асака вакол высачэнная… І як пачалі на мяне чапляцца ракі! Так яны ў памяць урэзаліся! Страшнейшыя падзеі памятаю не ўсе, а вось ракі не забываюцца.
Пасля выжывання – жыццё
Авіяналёты на горад працягваліся. Па трывозе дзеці беглі ў падвалы, і здавалася, што жыццю ў страху не будзе канца. Аднак усё змянілася ў адзін момант, калі ў будынак зайшоў чалавек і спытаў: «Дзе тут Купрэвічы?»
— У дзвярах з’явілася мама, — з клубком у горле прамовіла мая суразмоўца. — У яе на руках было дзіцё, якое нарадзілася ўжо ў Германіі. Помніцца: малодшы брат Мішка падбег да маці і пачаў шчыпаць яе за каленкі: хацеў, каб і яго ўзяла на рукі. Затым і тату да нас адпусцілі. Усе разам і дачакаліся вызвалення.
Цалкам сям’я Купрэвіч аб’ядналася восенню 1944 года. На Радзіму трапілі не адразу: жылі на мяжы Польшчы і Германіі. Адтуль Леанарда магла не вярнуцца: яе вельмі хацела ўдачарыць бяздзетная палячка. Яна абяцала бацькам, што дачка будзе жыць заможна і камфортна, што будзе прывозіць яе ў Беларусь, аднак пачула адмову.
Сям’я спачатку вярнулася на Вілейшчыну, затым — на Мядзельшчыну. Аднак усё жыццё Леанарды Юльянаўны аказалася звязаным з Пастаўшчынай.
— Закончыўшы 10 класаў у Мядзеле, вырашыла паступаць на фармацэўта, але не паступіла, — працягвала Леанарда Масцяніца. — Пешшу пайшла ў Паставы, уладкавалася на кансервавы завод. Пазней адвучылася на прадаўца і ўсё жыццё працавала ў Пастаўскім раёне ў галіне гандлю. У Лынтупах пазнаёмілася са сваім будучым мужам — прыйшоў да мяне купляць шапку. Доўга мяне дабіваўся, але дабіўся, аказаўся настойлівым кавалерам. Многае нас яднала. У яго ні кала ні двара, і ў мяне.
З мужам Леанарда пражыла без некалькіх месяцаў 60 гадоў. Ён пайшоў з жыцця ў 2015-м. Праз пяць гадоў жанчыну напаткала яшчэ адно вялікае гора: памёр сын.
— У 2019 годзе мы з ім па запрашэнні нямецкага Чырвонага Крыжа планавалі ехаць у Германію, — гаварыла Леанарда Юльянаўна, паказваючы пісьмы і дакументы на нямецкай мове. — Арганізацыя сама на мяне выйшла. Аказалася, я адна засталася жывая з тых, хто жыў у тым доме ў Лінбургу. Памятаю я шмат чаго, многае б паказала, расказала. Але кавід забраў дарагога мне чалавека, і ўсё мяне перастала цікавіць…
Пра жыццёвыя выпрабаванні жанчыны больш не гаварылі. Абмяркоўвалі святлейшыя, эмацыянальна цяплейшыя тэмы: Леанарда Юльянаўна расказвала пра дачку, унукаў, сяброў, аднавяскоўцаў.
— Бачыце: у мяне за шклом стаіць кніга Аркадзя Нафрановіча, — заўважыла яна, паказваючы зборнік вершаў і апавяданняў гэтага таленавітага пісьменніка. — Ён жа таксама з Юшкавіч, таксама ў гады вайны быў вывезены ў Германію.
Кнігу падпісаў: «Дарагому і мудраму чалавеку…» Вельмі шаную і кнігу, і памяць пра Аркадзя. Як і пра ўсіх, чыё дзяцінства тады скралі фашысты…
Іна Сняжкова