44-летний любитель спиртного из аг. Париж на 1 год направлен в лечебно-трудовой профилакторий

Безопасность

Страціў на год сына і свабоду

6 красавіка ў рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «Дом без насілля» ў Варапаеве адбыўся выязны суд па накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый 44-гадовага жыхара аграгарадка Парыж К. На пасяджэнне, якое вёў старшыня суда Пастаўскага раёна Анатолій Карытка, былі запрошаны аматары спіртнога з гарпасёлка, іншых населеных пунктаў пассавета, Казлоўшчынскага і Дунілавіцкага сельсаветаў.

Шлях К. у ЛПП пачаўся ў канцы 2022 года, калі ён трапіў у поле зроку міліцыі за парушэнне працоўнай дысцыпліны з прычыны ўжывання спіртных напіткаў. Першы раз, знаходзячыся ў нецвярозым стане, не выйшаў на работу 23 снежня. За што кіраўніцтва КУСП «Дунілавічы-агра», дзе значыўся жывёлаводам, аб’явіла яму вымову. Сітуацыя паўтарылася 26-га, а затым 30 снежня. Тады супрацоўнікі РАУС папярэдзілі К.: калі будзе працягваць у такім жа духу, адправіцца на прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Але папярэджанне і праведзеная прафілактычная гутарка не аказалі патрэбнага ўздзеяння, і 28 лютага мужчына быў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці за з’яўленне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. 1 красавіка ён у чарговы раз не выйшаў на работу.

44-летний любитель спиртного из аг. Париж на 1 год направлен в лечебно-трудовой профилакторий

Захапленне К. спіртным прывяло да таго, што ў снежні мінулага года органы апекі забралі ў яго 10-гадовага сына і змясцілі ў дзіцячы сацыяльны прытулак. «А дзе маці хлопчыка?» — спытаеце вы. Нядаўна яе таксама накіравалі ў ЛПП з-за п’янства. Жанчына неаднойчы кідала мужа з сынам, з’язджаючы на некалькі дзён то ў Паставы, то ў Варапаева. А ў верасні 2022-га зусім сышла з дома, пасялілася ў прытоне непадалёк. Па словах К., ён не раз прасіў яе адумацца і жыць дзеля дзяцей (у жонкі ёсць яшчэ 16-гадовая дачка, якая вучыцца ў Полацку), быў гатовы ўсё дараваць, але той сям’я не патрэбна. У выніку не вытрымаў і сам пачаў піць.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што за чарку К. узяўся не некалькі месяцаў назад. Як расказала старшыня Казлоўшчынскага сельскага Савета Ірына Кукоўская, запрошаная на суд у якасці сведкі, сям’ю паставілі на ўлік яшчэ 9 гадоў таму з прычыны перыядычнага ўжывання мужам і жонкай спіртнога. На працягу гэтага часу К. не раз кадзіраваўся, уладкоўваўся на работу, але ненадоўга. Пасля расставання з жонкай збіраўся афіцыйна з ёй развесціся і самастойна выхоўваць сына. І калі не злоўжываў спіртным, свае бацькоўскія абавязкі выконваў добра: дома быў парадак, меліся прадукты харчавання, сын прыходзіў у школу накормлены і дагледжаны. Толькі ў апошні час так было рэдка.

Адмоўную характарыстыку даў мужчыну дырэктар КУСП «Дунілавічы-агра» Андрэй Сарапененка. Ён зазначыў, што як работнік той ненадзейны, у нецвярозым стане — агрэсіўны.

Улічыўшы ўсе характарыстыкі і матэрыялы справы, суд вырашыў накіраваць К. у лячэбна-працоўны прафілакторый для медыка-сацыяльнай рэадаптацыі на тэрмін 12 месяцаў. Зачытаўшы рашэнне, старшыня суда Анатолій Карытка звярнуўся да прысутных у зале аматараў спіртнога з заклікам не даводзіць справу да ЛПП і адабрання дзяцей: кінуць піць і ўладкавацца на работу. Пра гэта ж гаварылі з імі да і пасля пасяджэння старшыня Варапаеўскага пасялковага Савета Іна Касарэўская і інспектары аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Юрый Смірноў і Аляксандр Кішко. Толькі ці прыслухаюцца выпівохі да тых слоў?

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.