У пастаўчан – два дыпломы
Іх заваявалі нашы школьнікі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
Сёлета ў склад каманды Віцебскай вобласці, якая з 27 па 31 сакавіка змагалася за ўзнагароды на «рэспубліцы», увайшлі 5 вучняў з Пастаўскага раёна. 9-класніца СШ №1 Анастасія Райчонак спаборнічала з равеснікамі з іншых абласцей краіны ў веданні беларускай мовы і літаратуры. 11-класніца трэцяй гарадской школы Аляксандра Жыдкая выйшла на старт па фізічнай культуры і здароўі. Вучань выпускнога класа Варапаеўскай СШ Мацвей Бяззубенка адстойваў гонар Віцебшчыны і роднай школы па гісторыі. Яго равесніца з гімназіі Лізавета Афанасьева і яшчэ адзін прадстаўнік Варапаеўскай СШ — 10-класнік Максім Свілёнак — дэманстравалі веды па геаграфіі.
На жаль, удача ўсміхнулася не ўсім. Трапіць у лік прызёраў змаглі толькі Аляксандра Жыдкая, якая з дапамогай свайго настаўніка Аляксандра Вавінскага заваявала дыплом ІІ ступені, і Лізавета Афанасьева, удастоеная дыплома І ступені. Ліза, чыім педагогам з’яўляецца Ігар Пракаповіч, ужо другі год займае 1-е месца на заключным этапе рэспубліканскага інтэлектуальнага спаборніцтва. Да яе такога выніку, здаецца, не дасягаў ніводны вучань з нашага раёна.
Віншуем вас, пераможцы!
Алена Шапавалава