Руплівая і моцная духам
У канцы лютага Жанна Цяляк адзначыла юбілейны дзень нараджэння. З віншаваннямі да яе завіталі старшыня прафкамітэта ААТ «Хацілы-агра» Наталля Пабядзінская, галоўны заатэхнік Сяргей Хацяновіч. А неспадзяваным і прыемным сюрпрызам стала прысуджэнне ёй звання «Чалавек года Пастаўшчыны-2022».
— Я сціплая працаўніца, а тут такі гонар! — не хавала станоўчых эмоцый Жанна Генадзьеўна. — Летась была ў складзе дэлегацыі раёна на ўшанаванні жывёлаводаў вобласці ў Віцебску. Сёлета ўдастоена высокага звання. Вельмі ўдзячная кіраўніцтву гаспадаркі, асабіста яе дырэктару Вячаславу Іосіфавічу Крыштафовічу за высокую ацэнку маёй работы.
Жанну на ферму яшчэ ў дзяцінстве прывяла маці, якая, папрацаваўшы ў бухгалтэрыі былога калгаса «Шлях да камунізму», затым лабарантам, зразумела, што больш за ўсё ёй падабаецца даглядаць жывёлу. Дачушка дапамагала, прыглядалася да абавязкаў, песціла малых цялятак і цягнулася да іх. Закончыла прафтэхвучылішча і вярнулася ў родную гаспадарку, стала прадаўжальніцай мацінай справы. Выйшла замуж, нарадзіла дачушку і сыночка. У дэкрэтным водпуску не заседжвалася: папрасіла маці, якая мела права на пенсію, прыглядаць за дзецьмі, а сама рупілася на ферме.
Сямейнае жыццё ў Жанны не заладзілася. Трэба самой было думаць, як паставіць на ногі дзяцей, таму і не шукала лёгкай работы, а пайшла на тую, што нядрэнна аплачваецца. Дома трымала дзвюх кароў, свіней. Калі падраслі сын з дачкой, сталі надзейнымі памочнікамі. Ды ўсё роўна нават уявіць цяжка, як няпроста было назапасіць сена, пасадзіць бульбу. Але руплівая і моцная духам жанчына пераадолела ўсе выпрабаванні лёсам.
Сын і дачка Жанны Генадзьеўны выраслі годнымі людзьмі: Дзяніс жыве ў Наваполацку, працуе ў Дзяржаўтаінспекцыі, Дзіна — у Хацілах, цяпер знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Абое маюць добрыя сем’і, падарылі бабулі па ўнучачцы.
Жанна вывучылася на вадзіцеля, купіла аўтамабіль. Дзеці ўгаварылі збыць карову. У гаспадарцы засталіся толькі куры, сабака ды кот. Нядрэнная зарплата дазваляе купіць неабходныя прадукты харчавання.
— Вельмі люблю жывёлу, — працягвала Жанна. — Раздаю ёй муку, сянаж, падсцілаю салому. Галоўнае для цялят — каб былі добрыя ўмовы ўтрымання: суха, цёпла, чыста. Цяпер я ў чарговым водпуску. Мяне замяняе Аксана Танана. Не паверыце, сумую па сваіх гадаванцах. Іх у групе каля 200. Ферма ў Целяках не новая, шмат ручной працы. Але я да яе прывычная. Стараюся, каб цяляты былі накормленымі і дагледжанымі.
Руплівасць аператара прыносіць адпаведны поспех: за мінулы год сярэднясутачныя прывагі цялят у яе групе склалі больш за 900 грамаў, захаванасць маладняку — 98%. Свой рабочы дзень Жанна Генадзьеўна пачынае не з кармлення цялят і прыбірання клетак. Перш-наперш яна абходзіць сваё шматлікае «войска» і спрактыкаваным вокам вызначае фізіялагічны стан жывёлы. З аднаго позірку бачыць, што цяля захварэла і яму патрабуецца дапамога. Паведамляе пра гэта ветурачу. Калі гадаванцы набываюць вагу прыкладна 370 кілаграмаў, аператар з імі развітваецца і зноў набірае маленькіх. Разам з Жаннай Цяляк працуе Ірына Бурак, якая лаўрэатам звання «Чалавек года Пастаўшчыны» была летась. Дружны калектыў фермы ўзначальвае Ала Лешчык. Іх рытм работы такі, што на ферму трэба спяшацца і ў будні, і ў святы.
Анна Анішкевіч