Калі вырастаюць крылы
Апошнія некалькі месяцаў для настаўніцы англійскай мовы Пастаўскай гімназіі Юліі Ракель былі напоўнены эмоцыямі: давялося радавацца і перажываць, адчуваць хваляванне і гордасць. Па-першае, яна сама ўдзельнічала ў конкурсе «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь»: выйграла раённы этап і змагалася за права паехаць «на рэспубліку» ў вобласці. А па-другое, у рэспубліканскім фестывалі «Педагагічны дэбют» прымала ўдзел яе былая вучаніца, а цяпер калега і сяброўка Наталля Танана, якой актыўна дапамагала ў падрыхтоўцы.
Дэбют аказаўся ўдалым: з абласнога этапа фестывалю Наталля, якая толькі восенню пачала працоўную дзейнасць, вярнулася з дыпломам лаўрэата ў намінацыі «Малады настаўнік». А вось самой Юліі не пашанцавала трапіць у тройку фіналістаў. Пры гэтым сярод канкурсантаў з сельскіх раёнаў Віцебшчыны яна набрала найбольшую колькасць балаў.
— Ужо першае конкурснае выпрабаванне — майстар-клас — было вельмі складаным, — расказвала Юлія Ракель. — Нам, выкладчыкам замежных моў, прыйшлося паказваць сваё педагагічнае майстэрства не на студэнтах і навучэнцах, як іншым удзельнікам, а на найлепшых настаўніках вобласці. Кожны такі настаўнік — прафесіянал з вялікай літары, валодае многімі педагагічнымі тэхналогіямі. Таму чымсьці здзівіць іх было надзвычай цяжка. Нялёгкім аказаўся і другі этап — адкрыты ўрок. На яго падрыхтоўку далі зусім мала часу. Фактычна на тое, каб напісаць канспект урока і зрабіць прэзентацыю, была ноч.
Але не толькі перамогі ў конкурсах сведчаць пра талент сапраўднага педагога. Не менш паказальнае жаданне вучняў быць падобнымі да свайго настаўніка, пайсці па яго слядах, як зрабіла Наталля Танана.
— Наша знаёмства адбылося ў СШ №5, куды я прыйшла працаваць пасля заканчэння ўніверсітэта, — успамінае Юлія Аляксандраўна. — Наташа тады вучылася ў 6 класе і на ўроках глядзела на мяне з такім захапленнем, лавіла кожнае слова! Праз некалькі гадоў стала ўдзельнічаць у алімпіядзе па англійскай мове, конкурсе даследчых работ, фестывалі міжкультурных камунікацый і займаць прызавыя месцы. Яна і Іра Паўлава — першыя вучаніцы, якія прынеслі мне поспех, прымусілі паверыць у сябе як у настаўніка. Тады я пачала глыбей вывучаць методыку і педагогіку, каб даць дзецям яшчэ больш ведаў.
Па словах Наталлі, к канцу вучобы ў школе яна не сумнявалася, кім быць. Як у свой час любімая настаўніца, паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава на рамана-германскую філалогію. А калі атрымала дыплом і паведаміла Юліі, што едзе ў Паставы, тая прапанавала адміністрацыі гімназіі ўзяць яе ў свой калектыў і стала апякаць маладога педагога.
Сёння Наталля Віктараўна выкладае англійскую мову ў 5—8 класах, а па суботах навучае ёй 3-4-гадовых хлопчыкаў і дзяўчынак у школе ранняга развіцця раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Кажа, што працаваць з дзецьмі вельмі цікава, ад іх атрымлівае вялікую аддачу і, нягледзячы на ўсе цяжкасці прафесіі, не шкадуе пра зроблены выбар. Па прыкладзе старэйшай калегі стараецца не стаяць на месцы, а павышаць свой прафесійны ўзровень. З гэтай мэтай удзельнічае ў адукацыйных анлайн-семінарах. Ахвотна згадзілася прыняць удзел і ў «Педагагічным дэбюце». Сярод усіх канкурсантаў, запрошаных на вочны тур у Віцебск, яна была адзінай, хто толькі пачаў працоўную дзейнасць (астатнія мелі стаж ад 2 да 5 гадоў). І калі падчас адкрытага ўрока члены журы даведаліся пра гэта, сталі ёй апладзіраваць.
— Дзякуючы конкурсу я атрымала вялізны вопыт і матывацыю для далейшай работы, набыла ўпэўненасць у сабе, — кажа Наталля Танана, якую пасля прыезду з Віцебска сустракалі ў гімназіі ўсім педагагічным калектывам, з кветкамі і падарункамі.
— Прыемна, што Наташыны поспехі заўважылі калегі і адміністрацыя, — працягвала Юлія Ракель. — Па сабе ведаю, як важна, калі цябе бачаць і падтрымліваюць. Ад гэтага вырастаюць крылы.
Алена Шапавалава