В кабинете ведущего бухгалтера Поставского района газоснабжения Светланы Козелько круглый год весна

Общество

Бухгалтар, які любіць кветкі

У кабінеце вядучага бухгалтара Пастаўскага раёна газазабеспячэння Святланы Казелькі вясна круглы год: на падаконніках — мноства пакаёвых кветак. Іх развядзенне — найбольшае захапленне жанчыны. Як сцвярджаюць вучоныя, пакаёвыя кветкі супакойваюць нервовую сістэму чалавека, спрыяюць стрэсаўстойлівасці, здымаюць хранічную стомленасць. Для атрымання тэрапеўтычнага эфекту дастаткова некалькі хвілін паглядзець на зялёны колер лісця. А аўральныя сітуацыі ў рабоце вядучага бухгалтара здараюцца: то ў справаздачы дэбет з крэдытам не сходзіцца, то лічбы не стыкуюцца, а ў перспектыве — падатковая праверка, новыя пункты ў заканадаўстве, якія трэба дасканала вывучыць.

Святлана Казелька ў сваёй справе — прафесіянал. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Велікалуцкім сельскагаспадарчым інстытуце. Там жа вучыўся яе будучы муж. Пазнаёміліся, пажаніліся і прыехалі на яго радзіму — у Паставы. Першым месцам работы Святланы было ўпраўленне сельскай гаспадаркі райвыканкама. Пазней працавала ў аграхімлабараторыі. У 1995 годзе ў пастаўскім між­райгазе ўстанавілі камп’ютары. Патрабаваліся маладыя і перспектыўныя бухгалтары. У ліку шасці кандыдатур адабралі і Святлану Казельку.

В кабинете ведущего бухгалтера Поставского района газоснабжения Светланы Козелько круглый год весна

— У інстытуце мы вывучалі праграмаванне, таму пры рабоце з новымі праграмамі праблем не ўзнікла, — успамінала Святлана Мікалаеўна. — Хаця аб’ём работы быў вялікі. Але наш кваліфікаваны праграміст Алена Панцюк магла пракансультаваць па любым пытанні. Справы ладзіліся. У 1998-м прайшла рэарганізацыя, і мы сталі самастойнай арганізацыяй. У 2013-м мяне назначылі галоўным бухгалтарам.

Камунікабельная, з лідарскімі задаткамі, наватарскім мысленнем, Святлана Казелька хутка асвоілася на новай пасадзе. Яна дасканала валодае лічбавымі тэхналогіямі, умее даходліва данесці да кіраўніцтва і іншых членаў калектыву любое рабочае пытанне, цесна ўзаемадзейнічае з падатковымі органамі, спажыўцамі газу. У сваёй рабоце пастаянна арыентуецца на поспех, імкнецца любую справу завяр­шыць у тэрмін. Самаадукацыяй займаецца штодзённа.

— Сачыць за абнаўленнем заканадаўства, ведаць пра новыя інструкцыі па бухгалтарскім уліку дапамагае спецыяльны праграмны рэсурс, да якога мы падключаны, — расказвала Святлана Мікалаеўна. — Увогуле камп’ютарызацыя значна аблягчае работу. Цяпер створана новая платформа ў віртуальнай прасторы, калі кожная справаздача праходзіць дасканалы кантроль у нашым галаўным прадпрыемстве «Глыбокаегаз».

Да работы вядучага бухгалтара ў кіраўніцтва Пастаўскага раёна газазабеспячэння прэтэнзій не ўзнікае. Наадварот, Святлану Казельку ставяць у прыклад іншым. За шматгадовую добрасумленную працу ў 2020 годзе была ўзнагароджана Ганаровай граматай дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белпалівагаз», а сёлета ўдастоена ганаровага звання «Чалавек года газавай гаспадаркі Віцебшчыны» ў намінацыі «Бухгалтарскі ўлік і эканоміка».

— Прысуджэнне такога высокага звання было нечаканым і прыемным, — дзялілася эмоцыямі лаўрэат звання. — Ушаноўванне праходзіла на ўнітарным прадпрыемстве «Віцебск­аблгаз». Дыплом атрымала з рук генеральнага дырэктара Аляксандра Бранцэвіча. Ра­дасць узнагароды са мной раздзялілі калегі, муж, сын, які таксама працуе ў Пастаўскім раёне газазабеспячэння, дачка — студэнтка апошняга курса Гродзенскага медуніверсітэта.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.