Тут прыжывуцца цеплыня і мудрасць
15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у Варапаеве адкрылася аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН.
Неабходнасць у такой установе наспела даўно. Добрая палова жыхароў гарпасёлка пенсійнага ўзросту. Многія — з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, але абмежаваныя ў зносінах з равеснікамі і ў магчымасцях праявіць сябе або навучыцца ў іншых чаму-небудзь новаму. З адкрыццём аддзялення такая магчымасць з’явілася.
На абуладкаванне аддзялення затрачана шмат сіл і сродкаў. Першы крок да мэты быў зроблены, калі Пастаўскі філіял Віцебскага аблспажыўтаварыства бясплатна перадаў ТЦСАН свой будынак, у якім некалі размяшчалася сельскае спажывецкае таварыства, а пасля яго ліквідацыі шмат гадоў пуставаў. Потым пачаліся рамонтныя работы. Частка сродкаў паступіла з раённага бюджэту, шмат дапамаглі спонсары. Напружана папрацавалі варапаеўскія сацработнікі. На дапамогу ім прыязджалі супрацоўнікі сацыяльнай службы з Пастаў і Лынтуп. Вынік агульных намаганняў радуе: будынак непазнавальна змяніўся як звонку, так і ўнутры, набыў годны сучасны выгляд. Яшчэ больш памяшканні ўпрыгожылі работы мясцовых творцаў: Яніны Ліманоўскай, Глафіры Навумчык, Святланы Фаміной, Надзеі Ястраб, Святланы Янцэвіч, Аляксандра Юшкевіча, Гянны Фядотавай. Гэта карціны, вышыўкі, вырабы з бісеру, лазы і іншыя.
Я пацікавілася ў некаторых варапаеўцаў, як яны ўспрымаюць адкрыццё ў іх пасёлку новай установы.
— Выдатная падзея! — гаварыла былая настаўніца Лілія Кучыц. — Несумненна, аддзяленне будзе запатрабаваным. У пасёлку шмат таленавітых і нераўнадушных людзей. Многія прыйшлі на адкрыццё, пра якое абавязкова раскажуць сваім знаёмым. Урачыстасць атрымалася яркай, прыгожай, музычнай. Мне асабліва спадабалася выступленне мужа і жонкі Пачкоўскіх. Гэта ж народны клад! Планую прымаць удзел у рабоце аддзялення ў якасці валанцёра. Пастараюся сабраць групу і арганізаваць заняткі фітнесам.
— Асабіста я вельмі чакала гэтага, — не хавала радасці Леакадзія Янцэвіч-Дзевятоўская. З настальгіяй успамінаю час, калі актыўна ўдзельнічала ў канцэртах, пастаноўках. Спадзяюся, што і ў аддзяленні змагу праявіць сябе. Люблю вышываць крыжыкам і бісерам. А яшчэ абавязкова запішуся на курсы камп’ютарнай адукаванасці.
Ірына Кіёнак 37 гадоў адпрацавала ў будынку, перапрафіляваным пад аддзяленне. Спачатку таваразнаўцам, затым — намеснікам старшыні сельскага спажывецкага таварыства. «Сумна было назіраць, як будынак многія гады пуставаў, — гаварыла жанчына. — А зараз яго не пазнаць — набыў другое жыццё. І гэта вельмі добра».
Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, на ўрачыстае адкрыццё аддзялення сабралася шмат варапаеўцаў. У цырымоніі прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская. Дырэктар ТЦСАН Марыя Кісялёва ўручыла падзячныя пісьмы цэнтра і невялічкія сувеніры шэфам, якія дапамаглі ў абуладкаванні памяшкання, а айцец Георгій благаславіў калектыў аддзялення на новую добрую справу.
Бягучы год у нашай краіне аб’яўлены Годам міру і стваральнай працы. І вельмі кранальным стаў момант, калі вучні Варапаеўскай СШ выпусцілі са сваіх рук белых галубоў і тыя ўзляцелі ўвысь. А ў наступную хвіліну ў небе закружыў-закурлыкаў вястун вясны — журавель. Для варапаеўцаў залатога ўзросту гэта вясна прынесла чаканы падарунак — расчыніў дзверы дом, які, несумненна, стане месцам цеплыні і мудрасці.
Вольга Счастная, загадчыца аддзялення:
У нас працуюць гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Горад майстроў» і «Мастацтва рукадзелля», музычны, па фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця «Формула здароўя». Таксама ёсць клубы па інтарэсах: «Флора» для аматараў раслін, «Зарадка для розуму» па прафілактыцы дэменцыі, «Падарожнік» (віртуальныя экскурсіі), «Гулец» (настольныя гульні). А хіба магчыма ў наш час абысціся без камп’ютарнай адукаванасці? Не! Вось мы і навучым ёй кожнага, хто пажадае. Пастараемся зрабіць усё для таго, каб напоўніць жыццё людзей залатога ўзросту новым сэнсам. Асаблівую ўвагу звернем на інвалідаў, якія і зараз актыўна займаюцца ў дамашнім гуртку «Умелыя ручкі».
Больше фото в группах в ОК и ВК
Фото Людмилы Зеленкевич