Пастаўшчына. Кожны крок – гісторыя
Так называецца раённы адукацыйна-краязнаўчы праект, які стартаваў у канцы лютага ў райвыканкаме.
Ініцыятарам праекта выступіла пастаўская арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, якую падтрымалі аддзелы па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і асабіста намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Станіслаў Чымбург, краязнаўчы музей, раённае аб’яднанне прафсаюзаў, райкам БРСМ, установы адукацыі Пастаўшчыны. Сваёй мэтай яны паставілі аб’яднаць людзей усіх узростаў для вывучэння гісторыі роднага краю і ўсведамлення важнасці захавання гістарычнай памяці, распрацоўкі і ўкаранення адукацыйна-турыстычных маршрутаў па Пастаўшчыне і прыцягнення жыхароў да падарожжаў па ёй.
Створаны карта і эмблема праекта, якія прадставілі ў райвыканкаме. На карце, акрамя ўсіх яго ўдзельнікаў, абазначаны асноўныя аб’екты маршрутаў, распрацаваных педагогамі і навучэнцамі школ раёна і Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Выявы некаторых аб’ектаў, у прыватнасці касцёла ў Камаях, царквы і палаца Тызенгаўзаў у Паставах, разам з гербам горада размешчаны на эмблеме. Яе мяркуецца наносіць на падарункі для гасцей, значкі, блакноты і іншую сувенірную прадукцыю. Пра гэта расказала член раённага савета ветэранаў, адна з арганізатараў праекта Наталія Федаровіч і пажадала, каб усе маршруты былі пройдзены, а ў канцы — складзены іх зборнік. Ім змогуць карыстацца настаўнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і іншыя, хто мае дачыненне да турызму і гісторыі роднага краю.
Тое, што маштабная задума, несумненна, карысная для Пастаўшчыны, адзначыў і начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Вячаслаў Врублеўскі. Школьнікі больш даведаюцца пра сваю малую радзіму, а мясцовы турызм атрымае новы імпульс для развіцця. Вячаслаў Людвігавіч таксама анансаваў адкрыццё ў раёне турыстычных інфармацыйных цэнтраў і стварэнне спецыяльных электронных дадаткаў.
— З дапамогай названага праекта мы вывучым Пастаўшчыну ад «А» да «Я», захаваем сваю гістарычную памяць, — гаварыла дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Друсь. — Хачу падзякаваць усім установам адукацыі за тое, што аператыўна склалі якасныя турыстычныя маршруты. З іх нават мы, музейныя работнікі, пачэрпнулі новую для сябе інфармацыю.
Ну а затым прысутныя, сярод якіх былі таксама работнікі аддзелаў па адукацыі, спорту і турызму раённага выканаўчага камітэта, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, школ, гімназіі і каледжа, адправіліся па першым маршруце «г. Паставы. Рэха Вялікай Айчыннай вайны», распрацаваным навучэнцамі СШ №1 разам з настаўніцай гісторыі Юліяй Касцюк. Ён пачаўся на Алеі герояў у цэнтры горада, дзе ўстаноўлены помнік яго вызваліцелям. Далей усе накіраваліся да брацкіх магіл вязняў гета па вуліцах Горкага і Ленінскай, адтуль — да бюста Героя Савецкага Саюза Фёдара Маркава, які знаходзіцца ў двары Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Таксама ўдзельнікі праекта наведалі месца пахавання ахвяр Вялікай Айчыннай вайны па вуліцы Савецкай і брацкую магілу савецкіх салдат па Чырвонаармейскай, пабывалі ля мемарыяльнай дошкі ў гонар 145-й Віцебскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі і знака ў памяць пра Героя Савецкага Саюза Васілія Сідарэнку.
Школьнікі і дарослыя ўспомнілі пра подзвіг людзей, якія змагаліся за нашу малую радзіму і аддалі за яе жыццё, мірных жыхароў, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі, усклалі кветкі да памятных месцаў. Ужо праз два тыдні яны збяруцца зноў, каб адправіцца па новым маршруце.
Алена Шапавалава