Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Сергеевичи

Главное Общество

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Сергеевичи

Было. Ёсць

  • Сяргеевічы вядомыя з 1769 года як сяло ў складзе маёнтка Зарэжжа памешчыкаў Кераноўскіх. У канцы XVIII стагоддзя — ва ўладанні Бжастоўскіх.
  • У 1909 годзе налічвалася 20 двароў, 49 сем’яў, 286 жыхароў.
  • З 12 кастрычніка 1940 года — цэнтр Сяргеевіцкага сельсавета Дунілавіцкага раёна Вілейскай вобласці.
  • На франтах Другой сусветнай вайны ў 1939—1945 гадах загінула 11 вяскоўцаў.
  • У 1949 годзе жыхары вёскі аб’ядналіся ў калгас «Новы шлях». З 1952 года гаспадарка насіла назву імя Пушкіна, з 1987- га —«Радзіма», з 2009-га — у складзе сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра».
  • У Сяргеевічах працавалі клуб, бібліятэка, камбінат бытавога абслугоўвання, магазін, сталовая, васьмігадовая школа, аддзяленне паштовай сувязі. Меліся ферма буйной рагатай жывёлы, канюшня, свінаферма, мехдвор, кузня.
  • Сёння жылых дамоў — 66, нежылых — 31, 12 — знесена. Пражывае 90 чалавек, з іх 45 — пенсіянеры, 6 — дзеці, 33 — працоўныя.
  • Вяскоўцаў абслугоўвае аўтамагазін і перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі.
  • Адлегласць да Пастаў — 34 кіламетры, да чыгуначнай станцыі Варапаева — 15, да абласнога цэнтра — 247.

Вельмі адказная

Кожны раз, распачынаючы падрыхтоўку чарговага выпуску рэдакцыйнага праекта «Вёсачка», звяртаюся па дапамогу да старэйшыны. У Сяргеевічах гэты грамадскі абавязак выконвае Ганна Крошка, чый фотаздымак у мінулым годзе быў занесены на раённую Дошку гонару. Як жа адказна яна аднеслася да маёй просьбы! Нават падрыхтавала падрабязную даведку пра вёску і вяскоўцаў, факты з якой я і выкарыстала.

— У Сяргеевічах я нарадзілася і вырасла, — расказвала Ганна Віталь­еўна. — А пасля заканчэння Полацкага педвучылішча атрымала накіраванне на работу ў Верхнядзвінскі раён. Там і замуж выйшла, нарадзіла дзяцей. А ў 1988 годзе ўсёй сям’ёй вярнуліся сюды, у бацькоўскую хату.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Сергеевичи

Ганна працавала ў дзіцячым садку, потым — у школе, муж — механізатарам у калгасе. Трымалі вялікую гаспадарку, падымалі на ногі дзяцей.

— Яны ў нас таленавітыя, — не хаваюць гонару бацькі. — Абое закончылі Віцебскае прафтэхвучылішча народных мастацкіх промыслаў, потым завочна атрымалі вышэйшую адукацыю. Пеця служыў у міліцыі, зараз — вадзіцель-міжнароднік. Марына па спецыяльнасці — рэжысёр, працуе ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Пастаўскага раёна. Менавіта ў дзецях і пяці ўнуках сэнс нашага жыцця.

Імі ганарацца

Калгас «Радзіма» славіўся ўраджаямі бульбы і льну, высокімі надоямі. Найлепшыя працаўнікі — жыхары в. Сяргеевічы — удастоены дзяржаўных узнагарод. Старшыня калгаса Альфонс Шакола адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, аграном Баляслава Матошка — ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны», трактарыст Уладзімір Галінскі, даярка Марыя Аляхновіч, звеннявая Браніслава Дзікая — ордэнам «Знак Пашаны».

Ураджэнец Сяргеевіч Баляслаў Шылько — заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі. Эдуард Казура ўзначальваў Пастаўскі раён, затым быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Юзэфа Ястраб — артыстка тэатра ў Бабруйску. Ганна Мацюшонак працавала старшынёй Дунілавіцкага сельскага Савета, Леакадзія Шылько — дырэктарам школы. Марына Аляхновіч — загадчык натарыяльнай канторы ў Полацку. Тамара Аляхновіч — адказны сакратар камісіі па справах непаўналетніх у Віцебску. Вольга Малевіч не адзін дзясятак гадоў самаахвярна адпрацавала ў Сяргеевічах фельчарам. Памяць пра яе ўганаравана назвай вясковай вуліцы.

Сярод выхадцаў вёскі сёння ёсць настаўнікі, урачы, людзі іншых прафесій.

У еднасці з людзьмі і прыродай

У 1974 годзе ў Сяргеевічах, якія былі цэнтрам калгаса «Радзіма», расчыніла дзверы новая школа. Леакадзія Антонаўна Шылько працавала ў ёй з першага дня і да закрыцця ўстановы ў 2009-м. Выкладала матэматыку і фізіку. Спачатку толькі настаўнічала, затым 10 гадоў з’яўлялася завучам і яшчэ 10 — дырэктарам. Муж быў яе правай рукой — загадваў гаспадарчай часткай. А раней працаваў механізатарам у калгасе. У 55 гадоў атрымаў права на льготную пенсію. Рана аформілася на пенсію і яна. Была вымушана гэта зрабіць, бо школу закрылі, а ў дунілавіцкую, дзе ёй прапаноўвалі работу, трэба было дабірацца за 8 кіламетраў.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Сергеевичи

У Леакадзіі і Івана пачаўся новы, пенсійны, этап жыцця, калі ўвесь час можна аддаваць асабістым інтарэсам.

— Абавязкова напішыце пра Шылько, — прасілі мяне вяскоўцы. — Іх паважаюць усе. Узорная сям’я, выключны парадак дома і на прысядзібным участку, выхавалі годных дзяцей. Дачка, як і маці, стала настаўніцай, працуе ў школе ў Паставах, сын — урач у Санкт-Пецярбургу.

Леакадзія Антонаўна, успамінаючы гады педагагічнай працы, расказвала: «У нашай школе вучыліся дзеці не толькі з Сяргеевіч, але і з навакольных вёсак, нават з Докшыцкага раёна. Пры ёй меўся інтэрнат. Жыццё ўстановы было цікавым і насычаным. Пайшоўшы на пенсію, вельмі сумавала па школе і дзецях, але паступова прывыкла да новых абставін».

А яшчэ Шылько гаварылі пра тое, якая цудоўная прырода ў іх мясцовасці і што жывуць у еднасці з ёй. Любяць вырошчваць кветкі, збіраць грыбы і ягады. Іван захапляецца рыбалкай, Леакадзія — рукадзеллем. Трымаюць нямала жыўнасці. Таму спраў у іх заўсёды хапае.

Тут раскрываецца душа

Фаіна Танана і Вера Галінская і жывуць па суседстве, і працуюць у адной установе — Дунілавіцкім доме-інтэрнаце. А яшчэ іх, як і іншых вяскоўцаў, аб’ядноўвае вера ў Бога. Кожную нядзелю, а таксама ў гадавыя каталіцкія святы яны прыходзяць на Імшу ў капліцу.

Раней, калі рэгулярна хадзіў аўтобус і быў зручны графік яго руху, жыхары Сяргеевіч ездзілі ў дунілавіцкі касцёл. Але вось ужо 12 гадоў яны моляцца ў вясковай капліцы. Пад яе абуладкавалі прасторную хату, якая засталася без гаспадароў.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Сергеевичи

— Для нас гэта святое, намоленае месца, — гаварылі жанчыны. — Тут мы молімся вочы ў вочы з ксяндзом. Тут раскрываецца наша душа.

Залатыя рукі

Славамір і Людміла Кардзяёнкі амаль 30 гадоў пражылі ў Наваполацку. Ён працаваў у прыватнай фірме, яна — ва ўніверсітэце. А ў 2018-м, калі абое ўжо былі на пенсіі, вярнуліся ў родныя мясціны, па-свойму абуладкавалі бацькоўскі дом.

— На пенсіі тут жыць ідэальна, — гаварыла Людміла. — Такая прырода і столькі прасторы! Нават па добраўпарадкаванай кватэры не сумуем.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Сергеевичи

А старэйшына вёскі расказвала: «У Славаміра залатыя рукі і добрае сэрца. Сабраў трактарок, мае ўсё прычапное да яго. Многім дапамагае ўпраўляцца з агародамі. Садзіць і па некалькі разоў акучвае бульбу, восенню выводзіць на поле капалку, зімой трактарком расчышчаў двары ад снегу».

Сам чалавек нічога асаблівага ў гэтым не бачыць і цэлымі днямі з задавальненнем займаецца тэхнічнымі справамі ў сваёй майстэрні.

І сын поплеч

Жыццё ў вёсцы і працу ў сельскай гаспадарцы  выбіраюць толькі тыя людзі, якія не баяцца цяжкасцей.  Менавіта з іх ліку Святлана Косінец.  Яе стаж  у жывёлагадоўлі больш за 30 гадоў. Імя Святланы як адной з перадавых даярак СП «Дунілавічы-­агра» і раней узгадвалася на старонках раёнкі.

Быў перыяд, калі жанчына пакінула гаспадарку і абуладкавалася ў Гродне. Але горад не прывабіў, і яна вярнулася ў  Сяргеевічы.

— Адказная, старанная, ня­стомная, — характарызавала даярку загадчыца сяргеевіцкай фермы Алена Кісялёва. — Спаўна аддае сябе абранай справе. А з красавіка мінулага года прыйшоў на ферму механізатарам і Святланін сын Максім. Яго працай мы таксама задаволеныя.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Сергеевичи

Максім і раней працаваў у гаспадарцы механізатарам. Потым падаўся ў дальнабойшчыкі. Але праца на міжнародных перавозках вельмі ўскладнілася, даводзілася неймаверна доўга прастойваць на граніцах, і хлопец прыняў рашэнне вярнуцца на сельгаспрадпрыемства.

— На ферме заўсёды хапае работы, а зараз самы напружаны час — ідуць масавыя ацёлы, — расказвала Святлана. — У маёй групе 54 каровы, палова з іх ужо расцялілася. Стараюся, каб усе цяляткі захаваліся.

У 5 гадзін раніцы яна ўжо адпраўляецца на ферму. Праз паўгадзіны накіроўваецца туды і Максім. А дома ў іх таксама шмат работы: распачалі вялікі рамонт. Максім усё робіць сваімі рукамі.

Хто не любіць кнігі і кветкі…

Той не любіць людзей. Так сцвярджае 90-гадовая Марыя Віктараўна Казловіч. І ўсе падаконнікі ў яе хаце застаўлены вазонамі.

— Добра, што і муж любіў кветкі, — успамінала доўгажыхарка. — То сон-траву прыносіў мне, то пралескі. Свякроў злавалася: «Што за нявестка, якая не можа без кветак і кніжак!» А кніжкі давалі развіццё. Праўда, часу на іх не хапала, бо працавалі многа і цяжка.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Сергеевичи

У дзяцінстве маці і бабуля вучылі яе жаночай працы: прасці, ткаць, шыць, жаць, а бацька — мужчынскай. Таму ўмела ка­сіць, араць, упраўляцца з канём.  Цяжкасцей хапала. «Успамінаю, як на конях вазілі ў Паставы здаваць дзяржаве сена, а  на мосарскі льнозавод — трасту. Дадому вярталіся ўначы. Аднойчы на дарозе суст­рэлі тры мужыкі, напэўна, нейкія бандыты. Вельмі напалохалася, але сцебанула каня і паспела з’ехаць. Маладая была, мела сілу. А цяпер ужо і да каплічкі не дайду. Малюся дома. Адзін мой сын жыве ў Гуце, другі — у Дунілавічах. Але пераязджаць да іх не хачу. Пакуль рухаюся, хоць і з кіёчкам, буду трымацца сваёй хаты. Сыны і нявесткі наведваюцца, дапамагаюць. Бясконца ўдзячная сацработніцы Валі Пугачовай, якая клапоціцца пра мяне, нібыта дачка».

Паўтара года назад Марыя Віктараўна цяжка перахварэла на кавід. Калі яе забірала хуткая дапамога ў бальніцу ў Паставы, развітвалася з роднымі і жыццём. «Але Бог пакінуў на гэтым свеце, — казала. — Напэўна, каб яшчэ парадавалася з пяці ўнукаў і сямі праўнукаў».

Раскашуе хатняя аранжарэя

Тое, што сяргеевіцкія гаспадыні любяць кветкі, бачыла ў кожным доме, куды заходзіла. Але такой вялікай іх колькасці, як у Валянціны і Паўла Мальцаў, раней не сустракала нідзе. Усю светлую, прасторную залу гаспадары літаральна ператварылі ў аранжарэю.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Сергеевичи

У вёску я ездзіла 10 сакавіка. Але ў той дзень тэрмометр паказваў мінус 15, на вуліцы ляжалі гурбы снегу і правіла баль завіруха. Таму хацелася як найдаўжэй затрымацца ў раскошным зялёным харастве хатняй аранжарэі. І распытаць у гаспадароў пра жыццё-быццё. Ведала, што трымаюць трох кароў і некалькі дзясяткаў курэй. Рыхтавалася пачуць, як цяжка ўпраўляцца на зямлі і з вырошчваннем жывёлы. Але гаспадары толькі жартавалі наконт гэтага, і можна было падумаць, што ўсё ім даецца само сабой. Што, вядома ж, не так.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Сергеевичи

— Муж працуе ў Навасёлках, сын — у Дунілавічах, а я займаюся хатнімі справамі, — гаварыла Валянціна. — З гаспадаркай упраўляемся разам. Маем трактар і ўсё прычапное да яго. Працы хапае, а здароўя — не заўсёды.

Валянціна па адукацыі — эканаміст. Таму вядзе пастаянны ўлік фінансаў: колькі іх траціцца на падсобную гаспадарку і колькі паступае ў сямейную касу ад продажу мяса, малака, цялят, яек, бульбы. Даход значна перавышае расход. Але чым змераць працу, якую Мальцы затрачваюць на ўласную гаспадарку?

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.