Нясіце з гонарам імя
23 лютага ў пастаўскай СШ №4 адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае прысваенню ёй імя ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, першага камандзіра 32-й ракетнай дывізіі, ініцыятара і актыўнага ўдзельніка будаўніцтва школы Вячаслава Фёдаравіча Франтова.
Ідэя прысвоіць школе імя В. Ф. Франтова з’явілася яшчэ ў 2010 годзе, калі на будынку ўстанавілі мемарыяльную дошку ў яго гонар. Але тады яна не знайшла працягу. І толькі летась, дзякуючы выпускніцы гэтай навучальнай установы Наталіі Федаровіч і членам пастаўскай раённай арганізацыі ветэранаў 32-й ракетнай дывізіі справа зрушылася з месца. Наталія Вітальеўна і былыя ракетчыкі звярнуліся з хадайніцтвам да кіраўніцтва СШ №4, а яно ў сваю чаргу — да кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта. Да ініцыятывы пастаўчан далучыліся ветэраны дывізіі з Масквы на чале са старшынёй маскоўскай ветэранскай арганізацыі Уладзімірам Котавым, якія таксама даслалі хадайніцтва на імя старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка. У выніку 28 снежня 2022 года было прынята адпаведнае рашэнне.
Гэта, што называецца, перадгісторыя, без якой не было б названай вышэй урачыстасці. Яна сабрала не толькі навучэнцаў і педагогаў школы, але і шмат ганаровых гасцей. Прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава, ваенны камісар раёна Мікалай Кулік, камандзір вайсковай часці 74384 Дзмітрый Савасцюк, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Ганна Літвіновіч, ветэраны-педагогі і ветэраны 32-й ракетнай дывізіі.
Пасля таго, як навучэнцы ваенна-патрыятычнага клуба вынеслі ў актавую залу, дзе праходзіла мерапрыемства, сцяг дывізіі і прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь, школьнікі ўзгадалі жыццёвы шлях Вячаслава Фёдаравіча Франтова, частка якога непасрэдна звязана з Паставамі. Затым слова ўзяў Пётр Курто. Ён адзначыў, што рашэнне прысвоіць школе імя чалавека, дзякуючы якому яна была пабудавана і які актыўна цікавіўся школьным жыццём, цалкам лагічнае. Пажадаў з гонарам несці гэта імя і ўручыў дырэктару навучальнай установы Вячаславу Пякарскаму новае пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы.
Прысутных вітаў таксама старшыня пастаўскай раённай арганізацыі ветэранаў 32-й ракетнай дывізіі Юрый Копасаў, які падарыў СШ №4 грашовы сертыфікат на яе развіццё. А ветэран 346-га ракетнага палка Уладзімір Адамовіч перадаў у школьны музей макет пускавой устаноўкі ракеты. Наталія Федаровіч зачытала віншавальную паштоўку ад сыноў В. Ф. Франтова са шчырымі словамі падзякі за памяць пра блізкага ім чалавека, дадаткам да якой стаў канверт з грашыма. Яшчэ адзін грашовы сертыфікат падарыў школе яе выпускнік 2009 года, выкладчык БДПУ імя М. Танка Павел Харашэвіч.
З успамінамі пра работу ў чацвёртай гарадской выступілі педагогі, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку, Часлава Мацур і Вера Шурпік. Члены клуба «Патрыёт» расказалі пра свае добрыя справы і ўдзел у абласным этапе беларуска-расійскага праекта «Цягнік Перамогі». У выкананні навучэнцаў прагучалі вершы і песні, прысвечаныя роднай школе. У канцы ўдзельнікі мерапрыемства зрабілі агульнае фота на памяць.
Алена Шапавалава