Найлепшы ў Беларусі
Па выніках спаборніцтва за мінулы год сярод 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Пастаўскі прызнаны найлепшым.
Конкурсная камісія, у складзе якой былі прадстаўнікі кіраўніцтва і структурных падраздзяленняў Мінпрацы і сацыяльнай абароны і Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, улічвала вынікі рэйтынгавай ацэнкі дзейнасці цэнтраў. Вялікая ўвага была звернута на такія паказчыкі, як сацыяльнае абслугоўванне, арганізацыя даступнага асяроддзя з улікам комплекснага падыходу, працоўныя адносіны, даходы і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, выкананне правіл аховы працы.
Колькасць атрымальнікаў паслуг ТЦСАН на канец 2022 года склала 1 853.
— Прыемна, што сацыяльная служба Пастаўшчыны прадаўжае трымаць высокую планку, — гаварыла дырэктар ТЦСАН Марыя Кісялёва. — Спектр паслуг, якія аказвае наш цэнтр, вельмі шырокі. Колькасць іх атрымальнікаў на канец 2022 года склала 1 853. Да нас звяртаюцца па афармленне адраснай і матэрыяльнай дапамогі, мы рыхтуем прадстаўленне да ўзнагароджання жанчын ордэнам Маці, прэміяй імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. Таксама аказваем псіхалагічную дапамогу, працуем з пенсіянерамі, інвалідамі, мнагадзетнымі сем’ямі, праводзім мноства акцый і культурна-масавых мерапрыемстваў. У раёне пражывае нямала людзей, якім патрэбна наша дапамога.
Цэнтр развіваецца. Літаральна нядаўна адкрылася аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН у Варапаеве. Дабівацца годных паказчыкаў удаецца дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву. І надалей будзем мэтанакіравана працаваць, імкнуцца прыносіць дабро і радасць падапечным, саграваць увагай тых, хто пражывае ў аддзяленнях кругласутачнага знаходжання, рыхтаваць цікавыя праграмы для наведвальнікаў дзённых аддзяленняў.
Анна Анішкевіч