Майстэрства плюс абаяльнасць
Наталія Пронька вельмі хвалявалася, падымаючыся на сцэну РДК па ўзнагароду — дыплом лаўрэата звання «Чалавек года Пастаўшчыны-2022».
— Усё было так урачыста! А я — чалавек не публічны, — дзялілася ўражаннямі пазней. — Адзнака высокая. Безумоўна, прыемна.
І ганарова. Гэта ж як трэба было пашчыраваць ёй, цырульніку райбыткамбіната, каб трапіць у лік 15 найлепшых працаўнікоў раёна па выніках мінулага года?! Прывяду толькі адну лічбу, якую мне назвала дырэктар РКБА Тэрэза Карчажка: «37% агульнай выручкі, атрыманай камбінатам летась ад аказання цырульніцкіх паслуг, дала Наталія Пронька. А ўсяго ў нас 8 майстроў…»
У прафесіі яна ўжо 40 гадоў, столькі ж — на райбыткамбінаце. Яе былыя калегі пакінулі прадпрыемства: пайшлі на пенсію, у прыватныя цырульні або аформілі самазанятасць. На змену ім прыйшлі маладыя, нявопытныя. Канкурэнцыя сярод цырульнікаў у Паставах вялікая. Але гэта ніколькі не палохае Наталлю Васільеўну — працы ў яе заўсёды хапае.
— Добра ведаю сваіх пастаянных кліентаў, — расказвала майстар. — Чалавек заходзіць у залу, і я адчуваю, які ў яго настрой. З адным трэба пагаварыць, з другім — памаўчаць, трэцяму — зрабіць камплімент. І, безумоўна, якасна выканаць сваю работу. Знаходжу агульную мову і з тымі, хто прыходзіць упершыню. Раблю не толькі мужчынскія стрыжкі, але і жаночыя. Пастаянна сачу за модай на стрыжкі і прычоскі, практыкую новае. Заўсёды радасна бачыць задаволенасць кліента, чуць словы падзякі.
Іх у адрас Наталлі за чатыры дзесяцігоддзі працы прагучала, напэўна, многія сотні. Цэняць кваліфікаванага майстра і ў калектыве бытавікоў. Яе фотаздымак неаднойчы заносіўся на Дошку гонару РКБА, таксама змяшчаўся на абласной галіновай.
Калі я рыхтавала гэты матэрыял у газету, успомніліся словы адной знаёмай: «Ніколі не сяду ў крэсла да цырульніка, які сам без прычоскі». Дык вось, Наталію Проньку наўрад ці хто бачыў непрычасанай, без макіяжу. Не толькі на рабочым месцы, але і на гарадской вуліцы, у транспарце, магазіне і нават на агародзе. Яна заўсёды выглядае на ўсе 100. А галоўнае — уважлівая, добразычлівая, усмешлівая. Яе дачцэ Аксане ёсць з каго браць прыклад. Аксана — старшы лейтэнант. Выкладае на кафедры англійскай мовы ў Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Тры тыдні таму закончыла магістратуру. Радуе Наталію Васільеўну і 10-гадовы ўнук Кірыл. Хлопчык паспяхова вучыцца ў школе, займаецца футболам і каратэ. Любіць бываць у Паставах, і тут больш часу праводзіць з дзядулем Юрам.
— Кухня, кветкі, агароды, нарыхтоўкі на зіму — займаюся ўсім тым, што і іншыя жанчыны, — гаварыла Наталія. — Нічым асаблівым не адрозніваюся.
А мне ўсё роўна бачылася ў гэтай сціплай, прыгожай жанчыне штосьці загадкавае…
Фаіна Касаткіна
Фота даслала Наталія Пронька