Пралятаючы праз сферы…
«Сферы — самыя дасканалыя формы ў Сусвеце, ідэалы гармоніі. Жыццё — шлях да дасканаласці праз складаныя эманацыі розных сфер: пачуццяў, думак, дзеянняў, мар, жаданняў. На гэтым шляху паэзія — гэта пошук гармоніі ў шматабліччы памкненняў душы чалавечай. Ляцім праз сферы…»
Такую філасофскую і нетрадыцыйную анатацыю мае новы зборнік паэзіі пастаўскага пісьменніка, педагога і краязнаўца Ігара Пракаповіча. Ён называецца «Сферы» і змяшчае ў сабе больш за сотню вершаў. 10 сакавіка аўтар чытаў іх у Пастаўскай раённай бібліятэцы — тут адбылася прэзентацыя паэтычнай кнігі.
На творчай сустрэчы сабраліся сябры і прыхільнікі творчасці Ігара Міхайлавіча. Перад аўдыторыяй выступіў не толькі ён, але і настаўніца СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Тамара Захарэвіч, якая з’яўляецца рэдактарам як гэтай, так і іншых кніг пісьменніка.
— Год ад году творы Ігара Міхайлавіча становяцца ўсё больш і больш філасофскімі, — адзначыла яна. — У «Сферах» глыбіня думак адчуваецца ў вершах як ніколі моцна. І асабіста мне вельмі блізка тое, што філасофія не абстрактная, не адарваная ад жыцця, а прыземленая, надзённая. Яна пра тыя пытанні, з якімі мы штодня сутыкаемся ў жыцці, над якімі самі часта разважаем. Лічу цікавай і назву кнігі. І хоць слова «сферы» запазычанае, сам зборнік — вельмі беларускі. У ім шмат дарагіх нам вобразаў. Яны шчымлівыя, кранальныя, зразумелыя. А яшчэ і словы так трапна падабраныя! Таму вершы гучаць і зачароўваюць…
У кнізе 5 раздзелаў. У «Эгасферы» — творы, прапушчаныя праз прызму ўласнага «я» Ігара Міхайлавіча, пра яго ўспрыманне свету, асабістыя погляды на жыццё. «Антрапасфера» ўключае ў сябе вершы пра чалавечыя ўзаемаадносіны, «Эрасфера» — пра каханне, «Патрыясфера»— пра Радзіму. У «Софасферы» аўтар мудра разважае над разнастайнымі філасофскімі пытаннямі.
У зале гучалі і песні на вершы Ігара Пракаповіча — іх паклала на музыку і праспявала Людміла Логінава. І яна, і іншыя госці на прэзентацыі атрымалі ад аўтара падпісаныя кнігі, яе экзэмпляры былі перададзеныя і ў бібліятэкі раёна. Паэтычныя падарожжы чытачоў па «сферах» працягнуцца…
Іна Сняжкова