2 красавіка католікі будуць адзначаць Пальмавую нядзелю (у мясцовай традыцыі — Вербную). Гэта дзень урачыстага ўваходу Езуса Хрыста ў Ерусалім, калі народ вітаў Яго і клаў пад ногі пальмавыя галіны, усклікаючы: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!»
Моладзь касцёла Святога Антонія Падуанскага ў Паставах ужо каторы год разам з сёстрамі законнымі Канстанцыяй і Цыпрыянай рыхтуе вербачкі і потым за ахвяру прапануе парафіянам. Каб зрабіць святочную вербачку, матэрыялаў шмат не трэба: аснова — тры галінкі вярбы вышынёй каля 50-ці сантыметраў, якія сімвалізуюць Святую Тройцу, жывыя галінкі хвойных дрэў і розныя элементы дэкору, пачынаючы ад гафрыраванай паперы і заканчваючы кветкамі з фаамірану.
Калі вы не маеце часу ці магчымасці скласці вербачкі самастойна, то ў пятніцу і суботу іх можна набыць каля касцёла святога Антонія Падуанскага пасля вячэрняй святой Імшы.
Фота Анны Анішкевіч