Сядзелка як дачка
З усіх дзён тыдня 104-гадовая лынтупчанка Валянціна Іванаўна Рыбцова з нецярпеннем чакае серады і суботы, калі паштальён прыносіць «Пастаўскі край». Праглядвае газету, уважліва чытае загалоўкі. А затым просіць сядзелку Святлану Качкаеву, каб пачытала тыя артыкулы, якія зацікавілі доўгажыхарку.
Згодна з дагаворам, Святлана павінна быць са сваёй падапечнай з 8 да 17 гадзін пяць разоў на тыдзень. Але ўжо трэці год па ўласным жаданні робіць гэта штодня, бо жанчыны вельмі прывыклі адна да адной. Валянціна Іванаўна чакае сваю апякунку, задаволеная яе абслугоўваннем. Святлана вельмі добрая, уважлівая, клапатлівая. Да гэтага на працягу 10 гадоў аказвала паслугу пастаяннага догляду жанчыне з інваліднасцю. А Валяніну Рыбцову 4 разы на тыдзень наведваў сацыяльны работнік. Пасля спаўнення 100-гадовага ўзросту мы прапанавалі доўгажыхарцы паслугу сядзелкі. Гэта вельмі зручны від абслугоўвання. Ён аказваецца тым, хто самастойна не можа спраўляцца з хатнімі справамі, а дапамагчы няма каму, бо родныя жывуць далёка, і пакідаць свой дом, каб паехаць у аддзяленне кругласутачнага знаходжання ТЦСАН не жадае. Галоўныя задачы сядзелкі — маральная падтрымка падапечнага, аказанне псіхалагічнай дапамогі і дапамогі па доме, стымуляванне кагнітыўнай і фізічнай актыўнасці.
Святлана Качкаева не толькі купляе сваёй падапечнай прадукты харчавання, цепліць печкі, але і дапамагае апрануцца, памыцца, кантралюе стан здароўя. Прыгатуе паесці. На сняданак Іванаўна найбольш любіць бліны, аладкі з кабачкоў. На абед абавязкова павінен быць суп, стравы з бульбы, капусты. Перавагу аддае галубцам. А пятніца ў яе — посны дзень. Хаця католікі, старэйшыя за 60 гадоў, пасціцца не абавязаны, аднак у Валянціны Іванаўны па пятніцах у меню — рыба. Да яе прыходзяць сястра законная Разалія і пробашч мясцовага касцёла ксёндз Аляксандр. Жанчына заўсёды рада гасцям.
8 лютага доўгажыхарцы споўнілася 104 гады. Павіншаваць імянінніцу з днём нараджэння прыехалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч, работнікі сацыяльнай службы лынтупскага аддзялення ТЦСАН і я, наведаліся суседзі. Валянціна Іванаўна — цікавая субяседніца. Настаўніца ў мінулым, і сёння яна застаецца інтэлігентнай, любіць чытаць (з-за пагаршэння зроку кнігі і газеты ёй чытае Святлана). Ніколі не прапускае выпуску навін па тэлебачанні, у курсе ўсіх падзей. З забаўляльных праграм любіць «Поле цудаў», «Ледніковы перыяд». Шчыра жадае, каб над Беларуссю заўсёды было мірнае неба, спыніліся войны ў свеце, бо сама перажыла ваеннае ліхалецце, прымала непасрэдны ўдзел у аднаўленні разбуранай вайной гаспадаркі.
У мінулым годзе ад COVID-19 у 70-гадовым узросце ў Літве памерла дачка Валянціны Іванаўны. Сын — былы вайсковец — жыве ў Падмаскоўі. Не менш за чатыры разы на год наведвае маці. Столькі ж разоў летась прыязджаў з Крыма ўнук. Быў госцем і на 104-м дні нараджэння бабулі. Родныя запрашаюць Іванаўну жыць да сябе, але яна не хоча пакідаць дом, дзе прайшлі найлепшыя гады.
На здароўе не наракае. Рухаецца без кійка. Да пачатку зімы выходзіла на вуліцу, а цяпер з нецярпеннем чакае вясны, плануе, дзе і што будзе садзіць на агародзе. Лекі не прымае, толькі вітаміны. Найлепшымі прафілактычнымі сродкамі ад хвароб лічыць фрукты, натуральныя сокі, якія ёй робіць сядзелка. Доўгажыхарка мае выдатную памяць, таму шмат расказвае пра мінулае.
Іна Вырвіч, загадчыца аддзялення дапамогі дома ТЦСАН