Плённа працуюць, ва ўтульных пакоях адпачываюць
Завяршыўся конкурс на найлепшы пакой адпачынку на жывёлагадоўчых фермах.
Даяркі, слесары, даглядчыкі жывёлы на фермах праводзяць шмат часу. Іх праца патрабуе нямала фізічных сіл. І вельмі важна, каб работнікам было дзе пераапрануцца, перакусіць ці проста крыху адпачыць у цяпле. Па сумеснай ініцыятыве ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, раённага аб’яднання прафсаюзаў, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу з мэтай стварэння бяспечных і камфортных умоў працы і адпачынку для жывёлаводаў быў аб’яўлены конкурс на найлепшы пакой адпачынку на фермах.
Падчас агляду іх на некаторых пабывала і я. Вядома ж, на новых комплексах у ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Хацілы-агра», «Камайскі-агра» і пакоі для адпачынку абуладкаваны па-сучаснаму. Тым не менш прыемнае ўражанне засталося ад іх і на фермах «Палессе» і «Забалацце» ААТ «Янавіца-агра», «Хацілы» ААТ «Хацілы-агра» і іншых. Будынкі гэтых ферм старыя, але бачна, што і кіраўніцтва гаспадарак, і работнікі прыклалі нямала намаганняў, каб стварыць належныя ўмовы для адпачынку. Пакоі хоць і аформлены сціпла, але ў іх утульна: свежапафарбаваныя сцены, пабеленыя печкі, акуратна засланыя канапы. На сталах — посуд для вады, электрачайнік, пакаёвыя кветкі, на палічках — радыёпрыёмнік, даведнікі па жывёлагадоўлі, на стэндзе — умовы раённага спаборніцтва і вынікі работы аператараў машыннага даення і даглядчыкаў цялят, распарадак дня і рацыён кармлення жывёлы, правілы пажарнай бяспекі і тэхнікі бяспекі. Ёсць гадзіннік, люстэрка.
— Настроенасць калектыву на плённую работу — адна з галоўных умоў дасягнення поспехаў, — гаварыў Васілій Катовіч. — Гэта яшчэ раз пацвердзіў і конкурс: пераможцы спаборніцтва на найлепшы пакой адпачынку і ў вытворчасці сярод лідараў.
Разам з намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуардам Януковічам і Васіліем Катовічам адправілася на некаторыя фермы для ўручэння падарункаў. Вынікі конкурсу падводзіліся ў дзвюх групах: сярод малочнатаварных комплексаў і звычайных ферм. У першай групе 1-е месца прысуджана МТК «Волахі-2». На момант нашага прыезду тут якраз ішла дойка, і загадчыца Алена Лаўрыновіч запрасіла Васілія Катовіча ў даільную залу, каб аператары, не адрываючыся ад справы, маглі папрысутнічаць на ўручэнні падарунка.
— Наша заслуга ў абуладкаванні пакоя мінімальная, — гаварыла Алена Лаўрыновіч. — Вялікі клопат пра ўмовы працы і адпачынку для нас праяўляе кіраўніцтва гаспадаркі, асабіста старшыня Вячаслаў Крыштафовіч. Прыемна, што тут ёсць душавая. У пакоі, дзе жывёлаводы могуць перакусіць, папіць чаю, ёсць два халадзільнікі, мікрахвалевая печ, электрачайнік, зручныя стол і лаўкі. Стараемся і самі, каб было ўтульна. Аператар Аляксандра Юргілевіч выдатна малюе. Каровы на яе карцінах — сама мілата. Яны і сталі ўдалым дапаўненнем ў аздабленні пакоя.
Ферме «Хацілы» гэтай жа гаспадаркі (другая група) прысуджана 3-е месца. На 2-м — ферма «Луцк-Казлоўскі» СП «Дунілавічы-агра», на 1-м — «Палессе» ААТ «Янавіца-агра». Загадчыца апошняй, Марына Власава, калі мы прыехалі сюды, запаўняла дакументы. Падоранаму электрачайніку вельмі ўзрадавалася.
— Людзі ў нас працавітыя, — гаварыла Марына Вацлаваўна. — Па выніках раённага спаборніцтва па вытворчасці малака за мінулы год нашай ферме прысуджана 3-е месца. Стараемся і сёлета. У гэтыя дні ад кожнай каровы атрымліваем 12 з паловай кілаграмаў малака, што на 3 з паловай больш, чым летась. Прыбаўцы спрыяюць не толькі сянаж і сілас, якіх маем удосталь, але і камбікорм.
Заахвочвальнымі прызамі адзначаны калектывы ферм «Навасёлкі» ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Кураполле» ААТ «Кураполле-агра» і «Забалацце» ААТ «Янавіца-агра».
Загадчык фермы «Забалацце» Леанід Брадняк прасіў адзначыць аператара машыннага даення Галіну Бяспальчык і аператара па дарошчванні цялят Вікторыю Шэршань. Яны ў пакоі адпачынку паклеілі шпалеры, пафарбавалі сцены, абнавілі спецыяльнай паперай стол. За парадкам сочыць увесь калектыў.
Анна Анішкевіч