Брама ўсіх сакрамантаў
У Каталіцкім Касцёле існуе сем сакрамантаў (наданне святасці). Першы з іх — сакрамант хросту. Пра яго сутнасць, выбар імені для дзіцяці, абавязкі хросных бацькоў і іншае карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч гутарыць з пробашчам парафіі Езуса Міласэрнага ксяндзом-дэканам Паўлам Самсонавым.
— «Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Хто паверыць і ахрысціцца — будзе збаўлены». Гэтымі словамі Хрыстос устанавіў сакрамант святога хросту, — расказваў ксёндз-дэкан. — Толькі пасля яго мы можам прыступаць да іншых сакрамантаў: споведзі і Камуніі, бежмавання, шлюбу, намашчэння хворых і святарскага пасвячэння. Праз хрост мы ачышчаемся ад заганы першароднага граху (граху Адама і Евы). Хрыстос удзяляе нам дар Божай асвячальнай ласкі, адраджае да новага жыцця і далучае да супольнасці Касцёла. Згодна з Катэхізісам, хрост — гэта сакрамант веры, але не яе кульмінацыя. Вера павінна няспынна развівацца. Таму кожны год у Пасхальную вігілію Касцёл запрашае нас аднавіць абяцанні, дадзеныя на святым хросце.
— У якім узросце лепш хрысціць дзіця?
— Пажадана, каб яно было ахрышчана як мага хутчэй пасля нараджэння. Калі хрост прымае дзіця, старэйшае за 7 гадоў, то яно абавязана прайсці спецыяльную падрыхтоўку. Гэты сакрамант, як і канфірмацыя (бежмаванне), пасвячэнне, прымаецца толькі раз у жыцці.
— Нярэдка бывае праблемай выбраць імя…
— Многія стагоддзі існуе традыцыя даваць дзецям імёны святых, якія засталіся назаўсёды вернымі Хрысту. І тады святы становіцца апекуном нованароджанага і прыкладам для наследавання. Сёння стала вельмі модным называць дзяцей нетрадыцыйнымі імёнамі, і, на жаль, даволі часта яны не маюць нічога агульнага з хрысціянствам.
— Яшчэ адно са складаных пытанняў — выбар хросных. Хто імі можа быць?
— Асоба, якая дасягнула 16-гадовага ўзросту, не з’яўляецца маці або бацькам таго, хто прымае хрост. Абавязкі хросных вельмі адказныя, бо прымаюцца перад Божым алтаром. Хросныя бяруць на сябе абавязацельствы за тое, што будуць дапамагаць бацькам весці дзіця да веры, Бога і Касцёла. У выпадку, калі родныя бацькі не змогуць навучыць дзіця асноўным малітвам, наведваць з ім храм, то тады гэта зрабіць павінны хросныя, давесці хрэсніка да споведзі і першай Камуніі. Справіцца з гэтымі абавязкамі можа толькі чалавек, які практыкуе ўдзел у жыцці Касцёла. Па гэтым прынцыпе і выбірайце хросных сваім дзецям. Адным з іх можа быць і праваслаўны.
— Часам даводзілася чуць, што нельга запрашаць быць хроснымі сямейную пару або цяжарную жанчыну, адной сям’і хрысціць дзяцей у іншай.
— Гэта забабоны, на якія веруючы чалавек не павінен звяртаць увагі.
— Абрад хросту вельмі прыгожы, і кожны яго элемент мае важны сэнс. Растлумачце, калі ласка, які.
— Цэлебрацыя пачынаецца знакам крыжа, які азначае пячатку Хрыста на тым, хто будзе Яму належаць, і ласку адкуплення, якую Хрыстос набыў для нас сваёй смерцю на крыжы. Далей ідзе абвяшчэнне Божага слова. Святы Павел вучыць, што вера нараджаецца са слухання. Затым над кандыдатам чытаецца малітва экзарцызму, бо хрост — гэта вызваленне ад граху і сатаны.
Галоўны элемент — вада, асвечаная ў Вялікую суботу або непасрэдна перад удзяленнем сакраманту. Святар палівае чалавеку галаву вадой і гаворыць сакрамантальную формулу: «N, я цябе хрышчу ў Імя Айца і Сына, і Духа Святога».
Пасля галоўнага абраду адбываюцца дапаўняльныя: намашчэнне святым алеем, накладанне белага адзення і ўручэнне свечкі. Намашчэнне азначае дары Духа Святога для новаахрышчанага. Белае адзенне — сімвал таго, што новаахрышчаны апрануўся ў Хрыста і ўваскрос з Хрыстом. Свечка, запаленая ад пасхала, напамінае, што мы, хрысціяне, з’яўляемся святлом зямлі.
— Ведаю, што ў выпадку пагрозы жыццю дзіцяці яно можа быць ахрышчана не толькі святаром.
— Пры пагрозе смерці гэта можа зрабіць кожны чалавек, які шчыра жадае ахрысціць.
— Многіх хвалюе пытанне, ці можна хрысціць, напрыклад, падчас Вялікага посту ці пасля смерці блізкага чалавека.
— Ніякіх абмежаванняў, якія датычаць дня ўдзялення сакраманту, няма. Але неабходна аддзяліць цэлебрацыю хросту ад святкавання гэтай урачыстасці. Таму, калі хрост з нейкай прычыны адбываецца падчас Вялікага посту, яго святкаванне варта перанесці на іншы час.