І цікава было, і смачна
Што яднае пакаленні? Адказы могуць быць самымі рознымі: традыцыі, мова, вера… А яшчэ — гісторыя і стравы. І ўпэўніўся ў гэтым кожны, хто 16 сакавіка завітаў у аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. У рамках праекта «Яднаючы пакаленні» тут адбылося мерапрыемства, прымеркаванае да 85-годдзя Віцебскай вобласці.
Распачалося яно з дэгустацыі забытых страў Віцебшчыны. Бульбяныя «торбачкі» з капустай і грыбамі, вараная бульба са скваркамі, дранікі з тварагом, раўгеня, грыбная поліўка, «штонікі», каўбаса з бульбы, морсы — якой толькі смакаты не было на сталах! Прыгатавалі ўсё гэта вопытныя гаспадыні з ліку наведвальніц аддзялення: Тамара Дзеўгуць, Ніна Торапава, Глафіра Аўлас, Ала Жук, Вітунія Радко і іншыя. Яны не толькі самі захоўваюць даўнейшыя рэцэпты страў сваіх продкаў, але і цікавяцца кулінарным матэрыялам, сабраным клубам нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя». Таму стол умеюць накрыць адмысловы.
А гасцей у той дзень у аддзяленні было шмат. Акрамя яго наведвальнікаў, завіталі прадстаўнікі Пастаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, райкама БРСМ, навучэнцы і валанцёры з гімназіі. Усе яны занялі месцы ў актавай зале, дзе адбылася сустрэча з Ігарам Пракаповічам. З сабой ён прынёс два дзясяткі ўласных паэтычных і краязнаўчых кніг і расказаў пра сваю краязнаўчую, педагагічную дзейнасць. І нават за кароткі час пераканаў аўдыторыю ў тым, наколькі гістарычна багатым, маляўнічым і адметным краем Віцебшчыны, ды і ўсёй Беларусі ў цэлым, з’яўляецца Пастаўшчына.
У наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН ёсць вялікае жаданне спазнаваць наш раён. Яны і раней арганізоўвалі вандроўкі па цікавых мясцінах Пастаўшчыны, а сустрэча з краязнаўцам, безумоўна, яшчэ больш натхніла іх на новыя падарожжы. Іх можна распачынаць хоць зараз — надвор’е, нарэшце, гэтаму спрыяе…
Іна Сняжкова