Заўсёды працуе на вынік
У Віталія Сямчышына былі вялікія магчымасці пры выбары прафесіі і жыццёвай дарогі. Ён нарадзіўся ў сям’і ваеннага ўрача ў Століне. Шмат паездзілі па былым Савецкім Саюзе: жылі ў Прымор’і, Беларусі, на Камчатцы. 10 клас Віталій заканчваў у Германіі. Яго пастаянна цягнула ў Беларусь. Заатэхнікам працавала стрыечная сястра, і ён таксама марыў пра сельскую гаспадарку. Бацькі спрабавалі адгаварыць, але хлопец вельмі любіў жывёлу і прыняў цвёрдае рашэнне ў будучым яе лячыць. Паступіў у Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Пасля трэцяга курса яго прызвалі на тэрміновую службу ў арміі.
— Былі рэальныя шансы трапіць у Ваенна-марскі флот на падводную лодку, — успамінаў. — Але з канікулаў, якія праводзіў у бацькоў у Германіі, прыехаў са спазненнем. Пакуль збіраў неабходныя дакументы, мая падлодка, можна сказаць, адплыла. Прызваўся ў войскі марской авіяцыі. Служыў у Нікалаеве ва Украіне.
Праз два гады вярнуўся ў тэхнікум для завяршэння вучобы. І тут сэрца запаланіла Алена, з якой пазнаёміўся на вяселлі сяброў і хутка прапанаваў стаць яго жонкай. Маладая сям’я прыехала на Пастаўшчыну — радзіму Алены. З таго часу мінула больш за 40 гадоў. 13 лютага Віталій Сямчышын атрымаў права на пенсію.
Звычайна ўрачыста чалавека віншуюць з круглай датай з дня нараджэння. А старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Катовіч вырашыў, што выхад на пенсію — таксама значная падзея. Таму з намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуардам Януковічам адправіўся да новаспечанага пенсіянера.
— За час сваёй работы не сустракаў больш надзейных і адказных людзей, чым ты, Віталій Раманавіч, — паціскаючы руку імянінніку, гаварыў Эдуард Януковіч. — На які б участак цябе ні пасылалі, усюды стараўся працаваць на вынік. Менавіта ад тэхніка-асемянатара залежыць рост пагалоўя жывёлы і вытворчасці прадукцыі.
Чатыры дзясяткі гадоў Віталія Сямчышына звязаны з жывёлагадоўляй. Былі розныя перыяды, але ў прафесіі Раманавіч не расчараваўся, таму што выбар быў свядомым. Першыя паўтара дзясятка гадоў працаваў у калгасе «Сцяг Перамогі» загадчыкам комплексу, тэхнікам-асемянатарам. Затым яму прапанавалі перайсці ў райплемстанцыю, абслугоўваў грамадскі статак гаспадарак раёна. За дзень здаралася праводзіць асемяненне сотні кароў.
Галоўны паказчык, па якім ацэньваецца работа асемянатара, — выхад цялят на 100 кароў. У Віталія Сямчышына ён заўсёды высокі, таму што строга прытрымліваецца тэхналогіі: дасканала правярае сперматазоіды на рухомасць, не парушае тэмпературнага рэжыму, не зацягвае часу асемянення каровы. Таксама вядзе дакументацыю, дапамагае ветурачам лячыць і вакцынаваць жывёлу. У асемянатараў «пасяўная» — круглы год. А гэта раннія пад’ёмы, пераезды з адной фермы на другую, найчасцей без выхадных і свят.
Віталій Сямчышын ужо мае права пакінуць работу. Але кіраўніцтва ААТ «Сцяг Перамогі-агра» і ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама просіць яшчэ папрацаваць.
— Калі да абранай справы ляжыць душа, тады і выконваць яе не цяжка, — гаварыў Віталій Раманавіч. — Таму, калі паслужыць здароўе, буду яшчэ ў страі.
Анна Анішкевіч