А вы знали, что раньше в Поставах был народный театр? Узнали подробности

Главное Культура

У сваім рэпертуары

Дзякуючы фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» Паставы ў многіх асацыіруюцца з народнай музыкай. А некалі адной з творчых візітных картак горада быў народны тэатр. Ён дзейнічаў пры раённым Доме культуры ў савецкі час і збіраў поўныя залы гледачоў у Паставах, сельскай мясцовасці і нават за межамі раёна. Напярэдадні Міжнароднага дня тэатра карэспантэнт «ПК» пашукала звесткі пра гэты сапраўды народны калектыў, пагаварыла з акцёрамі, якія тады выходзілі на сцэну, разам з імі ўзгадала, як вызначаліся на сцэне пастаўчане яшчэ 230 гадоў назад.

А вы знали, что раньше в Поставах был народный театр? Узнали подробности

Недзіцячы ўзровень

Прафесійныя артысты выступалі ў Паставах яшчэ пры Антоніі Тызенгаўзе. У 1769 годзе ён заснаваў у Гародні ўласны тэатр, і ўжо праз год прыдворная трупа ставіла ў гарадзенскім палацы Тызенгаўзаў першыя оперы і камедыі. У 1774-м Антоній стварыў у гэтым жа горадзе музычна-тэатральную школу. Адхілены ад дзяржаўнай службы, у 1781 годзе Тызенгаўз перавёз яе ў Паставы.

Аналагаў школе не было ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Дзеці з Пастаў і навакольных вёсак вучыліся ў тэатральным, музычным, балетным класах, вывучалі французскую і італьянскую мовы.

Вядома, што малодшыя навучэнцы прысвячалі вучобе па 12 гадзін штодзённа, старэйшыя — па 15. Выхавальнікі падымалі дзяцей у 5 раніцы, а спаць клалі ў 9 вечара. Рэжым быў цяжкі, вытрымліваў яго не кожны. Аднак быў і плён ад такой вучобы: ужо ў 1784-м кіраўнік школы скрыпач Лявон Сітаньскі інфармаваў Тызенгаўза, што «ў балеце назіраецца прагрэс». Запрошаны ў Паставы французскі педагог Франсуа Габрыэль Ле Ду падрыхтаваў з вучнямі спектакль «Балет вод, или Купель Дианы». Гэта быў першы балет, пастаўлены ў пастаўскім палацы Тызенгаўзаў. Колькі іх яшчэ было паказана, гісторыя змоўчвае. Аднак гэтай творчай старонкай мінулага Паставы, безумоўна, могуць ганарыцца.

Жыццё – тэатр

Тэатральнае мастацтва развівалася ў Паставах і ў ХХ стагоддзі. У 1920-я гады ў нашым горадзе пачаў дзейнічаць драматычны гурток, які ў 1950-м атрымаў статус тэатра. У 1959 годзе яму было прысвоена званне народнага.

Першым рэжысёрам тэатра стала ветэран культурна-асветніцкай працы Марыя Ароцкая. Душу ў сваю работу ўкладалі не толькі акцёры (большасць з іх былі людзі рабочых спецыяльнасцей), але і мастакі, дэкаратары, касцюмеры.

А вы знали, что раньше в Поставах был народный театр? Узнали подробности
У мінулым стагоддзі тэатральныя пастаноўкі былі папулярныя не толькі ў горадзе, але і ў сельскай мясцовасці. Гэта пацвярджае і здымак з альбома сям’і Скіндар. На ім — жыхары вёскі Кашыцы, якія адыгралі купалаўскую «Паўлінку». Фота зроблена да 1930 года, а дзе — сказаць цяжка, бо вясковыя артысты паказвалі свае п’есы не толькі на Пастаўшчыне, але і ў Вільні, іншых гарадах

У рэпертуары тэатра былі п’есы «Мікітаў лапаць» Міхася Чарота, «Не верце цішыні», «Лявоніха на арбіце» Андрэя Макаёнка, «Першы ўрок» Івана Шамякіна, «Вечар Камедый» Канстанціна Губарэвіча, «Мядз­ведзь», «Сватанне» і «Юбілей» Антона Чэхава і шматлікія іншыя. Пра прэм’еры народнага тэатра паведамлялася ў раённай газеце «Звязда» (так раней называўся «Пастаўскі край»). На яе старонках выходзілі і артыкулы пра новыя пастаноўкі. Так, напрыклад, у матэрыяле «Творчая ўдача» напісана: «Пастаўскі народны тэатр нядаўна парадаваў гледачоў прэм’ерай «Таня». Гэты калектыў існуе не так даўно. Тым не менш пастаноўкі тэатра карыстаюцца поспехам не толькі ў жыхароў горада, але і ў калгаснікаў, працоўных іншых раёнаў».

Дадзены артыкул захоўваецца ў Пастаўскім раённым краязнаўчым музеі. Яго супрацоўнікі паказалі мне і тагачасныя праграмкі да спектакляў. Адна з іх — да гераічнай драмы «Першы ўрок», пастаўленай у 1968 годзе. Партызанку ў гэтым спектаклі сыграла Марыя Дыса (на той час — Скрыдлеўская). Яна і сёння жыве ў Паставах і добра памятае свае маладыя тэатральныя гады.

А вы знали, что раньше в Поставах был народный театр? Узнали подробности

— У раённым Доме культуры я працавала ў 60-я, — узгадвала 81-гадовая Марыя Сігізмундаўна. — Творчасць мяне прыцягвала з дзяцінства, таму і пайшла вучыцца ў Магілёўскае культурна-асветніцкае вучылішча, скончыла і школу народнай творчасці ў Віцебску. У народным тэатры — а ён быў вельмі прафесійным — заўжды іграла з вялікім задавальненнем. Памятаю і рэпетыцыі, і выступленні на сцэне Дома культуры па вуліцы Чырвонаармейскай. Таксама ўдзельнічала ў масавых тэатралізаваных прадстаўленнях, якія ладзіліся ў горадзе. Добра памятаю, як на Масленіцу я была ў ролі Зімы, а тройка запрэжаных коней везла мяне на гарбарку.

У адным з дакументаў, які захоўваецца ў раённым музеі, пазначана: «У 1964 годзе ў раёне пачалі праводзіць новыя савецкія святы і абрады. У правядзенні гэтых мерапрыемстваў тэатр заняў вядучае месца: удзельнічаў у шлюбных урачыстасцях, рэгістрацыі нованароджаных, провадах у армію… »

А вы знали, что раньше в Поставах был народный театр? Узнали подробности

Народны тэатр пастаянна аказваў метадычную дапамогу драматычным калектывам у сельскай мясцовасці. З яго дапамогай ставіліся малаактныя пастаноўкі ў Варапаеве, Лучаі, Сяргеевічах і іншых населеных пунктах.

Адным з апошніх спектакляў, пастаўленых Пастаўскім народным тэатрам, была п’еса «Вернасць» Вольгі Бергольц. Сярод акцёраў, якія ў той, ужо далёкі, 1980 год выходзілі на сцэну, была і Рэгіна Ластоўская. З ёй мы сустрэліся ў музеі баявой і працоўнай славы СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, нязменным кіраўніком якога з’яўляецца. На пачатку размовы кажу пра тое, што хутка будзе адзначацца Міжнародны дзень тэатра.

— Гэта дата кожны год адгукаецца ў маім сэрцы вельмі цёплымі і шчырымі ўспамінамі, — гаварыла Рэгіна Норбертаўна, трымаючы ў руках чорна-белы здымак. — На ім — удзельніцы Пастаўскага народнага тэатра, якія былі задзейнічаны ў пастаноўцы «Дом Бернарды Альбы» Федэрыка Гарсіі Лоркі. Я ў ёй іграла 30-гадовую іспанку Магдалену. Наколькі мне падабалася гэтая роля! З гераіняй у нас было ў характары шмат агульнага: і замуж яна не хацела, і за праўду і справядлівасць заўжды змагалася. Таму і ў ролю асабліва ўжывацца не давялося.

А вы знали, что раньше в Поставах был народный театр? Узнали подробности

Пастаноўкі тэатра карысталіся поспехам не толькі ў жыхароў горада, але і ў калгаснікаў, працоўных іншых раёнаў.

Расказвала Рэгіна Ластоўская і пра тое, што ў пачатку 1980-х у тэатры іграла ў асноўным моладзь. І яна трымала марку сваіх папярэднікаў: артысты шмат рэпеціравалі, выступалі не толькі ў Паставах, але і ў Віцебску, Нарачы.

— Многія здзіўляліся, што на сцэне я магу па-сапраўднаму расплакацца ў тых момантах, дзе таго патрабуе сцэнарый, — працягвала Рэгіна Норбертаўна. — Але ж для мяне гэта ніколі не было складаным, бо тэатрам жыла з дзяцінства. У роднай вёсцы Савічы і сама школьніцай іграла ў многіх п’есах, і глядзела, як робяць гэта бацькі, шматлікія вяскоўцы, якія таксама ставілі спектаклі. Пазней з клубнымі работнікамі аб’ездзіла ўвесь раён: пастаноўкі паказвалі па вёсках, у полі падчас жніва. Удзельнічала і ў першым фестывалі гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага раёна.

А вы знали, что раньше в Поставах был народный театр? Узнали подробности

Пытаюся: «А чаму ў 1985-м «патухла» дзейнасць тэатра?»

— Думаю, таму што энтузіястаў стала менш. Тэатр трымаўся на апантаных лю­дзях, якія гараць сваёй справай і запальваюць ёй іншых. Ды і развіццё тэлебачання сваю ролю сыграла. Гледачоў усё больш цікавілі экраны тэлевізараў, а не сцэна, — лічыць Рэгіна Норбертаўна.

Развітваюся з ёй, а сама думаю: а ці шмат сёння ў Паставах жыве людзей, гатовых іграць у спектаклях? Адказу на пытанне не ведаю. Аднак упэўненая, што гледачоў новыя пастаноўкі сабралі б нямала…

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы раённага края­знаўчага музея, з даследчай работы Анастасіі Баглікавай, артыкула Генадзія Квяткоўскага пра музычна-тэатральную школу Антонія Тызенгаўза.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.