Феномен рэгіянальнай культуры Пастаўшчыны
На такую тэму 17 сакавіка ў Паставах адбылася рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя, прымеркаваная да Года міру і стваральнай працы.
Яе арганізатарамі выступілі Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Пастаўскі раённы выканаўчы камітэт. Праграма канферэнцыі была насычанай і цікавай. Назаву некаторыя тэмы: «Каменны і бронзавы вякі Пастаўшчыны: сучасны стан даследаванасці і перспектывы», «Паставы Радзівілаў: даходы, расходы, лясныя тавары, промыслы (30-я гады XVII ст.), «Тэатр і балетная школа Антонія Тызенгаўза», «Варапаеўскія карані расійскай музычнай дынастыі (Лёс Тамары Сушко)», «Стараверы Пастаўшчыны ў сярэдзіне XX—пачатку ХXI ст.», «Рэгіянальны анамастыкон Пастаўшчыны ў гістарычным, функцыянальна-семантычным і лексікаграфічным аспектах», «Сярэбраны век Уладзіміра Дубоўкі», «З рукапіснай спадчыны татараў Пастаўшчыны».
Адметна, што сярод дакладчыкаў-навукоўцаў былі выхадцы з нашага раёна. Гэта дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ігар Капылоў, літаратуразнавец, перакладчык, кандыдат філалагічных навук Міхась Кенька, доктар біялагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Андрэй Майсяёнак. Таксама на канферэнцыі выступілі дырэктар Пастаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ганна Літвіновіч і настаўнік Варапаеўскай СШ, краязнавец Мікалай Атрахімовіч.
Як зазначыў Ігар Капылоў, даклады, падрыхтаваныя да гэтай навукова-практычнай канферэнцыі, з цягам часу будуць надрукаваны ў асобным зборніку.
Фаіна Касаткіна