Заўсёды рады сустрэчы
Маладой настаўніцай беларускай мовы і літаратуры прыйшла ў Навасёлкаўскую сярэднюю школу Янія Яўгеньеўна Анкудовіч. Кожны яе ўрок — адкрыццё новага свету ў творах Коласа і Купалы, гуках роднай мовы. Дзяцей падкуплялі не толькі ўменне настаўніцы даступна растлумачыць правіла, зацікавіць літаратурным творам, але і адкрытасць, камунікабельнасць, дабрыня. Многіх вучняў Янія Яўгеньеўна навучыла чытаць сэрцам, а не вачыма, паказала ўсю прыгажосць друкаванага слова. Дзякуючы ёй адны адкрылі ў сабе любоў да літаратуры, іншыя — цягу да мастацтва, падарожжаў.
А якую вялікую ролю ў адукацыйным працэсе адыгрывалі пазакласныя мерапрыемствы, якія праводзіла Янія Анкудовіч! Яна кіравала драматычным гуртком. Яго ўдзельнікі ставілі «Паўлінку», «Раскіданае гняздо» і нават «Слово о полку Игореве». Выпускала адзін клас — замацоўвалі новы. Ужо школьнікамі сталі ўнукі яе першых выпускнікоў. Многія выпускнікі пайшлі шляхам любімай настаўніцы. Сярод іх Галіна Іжмайловіч, якая паспяхова выкладае беларускую мову і літаратуру ў СШ №1. Яе вучні з года ў год займаюць прызавыя месцы на абласным і рэспубліканскім этапах прадметнай алімпіяды.

Прыклад Яніі Яўгеньеўны ў пэўным сэнсе вызначыў прафесійны шлях і Таццяны Вішнеўскай. Дзяўчына закончыла Полацкі дзяржаўны педагагічны каледж імя П. Машэрава і цяпер працуе выхавальнікам у дзіцячым садку, размешчаным у мікрараёне 6 гарадка.
Аляксей Драгун свой лёс звязаў з лясной гаспадаркай. Ён — ляснічы Груздаўскага лясніцтва.
— Лёша быў у класе найменшага росту, а яшчэ вельмі сціплым, — успамінала Янія Анкудовіч. — На ўрачыстых лінейках заўсёды туліўся да маёй рукі, калі падрос — да пляча. А цяпер вунь як узмужнеў!
Аляксей, нібыта маму, прытуляе да сябе класнага кіраўніка і дзякуе ёй за тую своеасаблівую любоў да чужых дзяцей, якіх яна не дзяліла на выдатнікаў і сераднячкоў, паслухмяных і не вельмі. Яна ўмела знайсці падыход да кожнага.
— Класны кіраўнік заўсёды стаяла за нас гарой, — успамінала Таццяна Вішнеўская. — А калі заслугоўвалі, адзін на адзін магла спытаць па поўнай строгасці. У нашым класе вучылася больш дзяўчат, чым хлопцаў. Адразу не маглі здружыцца. Класнаму кіраўніку ўдалося нас з’яднаць, навучыць жыць па прынцыпе мушкецёраў: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.
Галіна Іжмайловіч, Аляксей Драгун і Таццяна Вішнеўская навасёлкаўскую школу закончылі ў розны час. Але, як прызналіся, настальгія па школьных гадах не пакідае.
— Толькі пабудаваная школа, калектыў маладых настаўнікаў, некаторыя педагогі — сямейныя пары, насычанае пазакласнае жыццё, — успамінала Галіна Іжмайловіч. — Янія Яўгеньеўна — наш класны кіраўнік і педагог-арганізатар. Якія цікавыя і разнастайныя мерапрыемствы мы рыхтавалі! У іх удзельнічалі як вучні, так і настаўнікі. Сярод гледачоў былі не толькі бацькі вучняў, але і іншыя вяскоўцы.
Янія Яўгеньеўна памятае кожнага са сваіх вучняў і з кожным рада сустрэчы. Вось і на гэты раз разам з Галінай Іжмайловіч, Аляксеем Драгуном, Таццянай Вішнеўскай яны прайшлі па школьных паверхах і класах. Выпускнікі засталіся прыемна ўражаныя пераменамі каля школы і ў ёй. Установа непазнавальна абнавілася.
Янія Анкудовіч па-ранейшаму працуе ў школе і ўсе сілы, сваю любоў і талент аддае вучням. А яе выпускнікі ганарацца тым, што менавіта паважаная Янія Яўгеньеўна была іх класным кіраўніком. Сёння многія прыйдуць на вечар сустрэчы. Вядучай на ім будзе любімая настаўніца.
Анна Анішкевіч