Фуршэт для лясных жыхароў з сярэдзіны лістапада да сярэдзіны сакавіка рыхтуюць паляўнічыя.
Бываючы ў гаспадарках раёна, праязджаючы па палях, нярэдка сустракаю казуль, ліс, зайцоў. Здаралася палюбавацца і ласём, які паважна пераходзіў дарогу або велічна стаяў на ўскрайку лесу. Пастаянна задумвалася: як жа лясныя звяры выжываюць снежнай марознай зімой? Мядзведзь кладзецца спаць у бярлогу, вавёрка жыве ў поўным запасаў дупле. А астатнія? Гэтым пацікавілася ў вядучага інжынера паляўнічай гаспадаркі лясгаса Юрыя Ракеля.
— Здабываць корм самастойна жыхарам лесу, сапраўды, цяпер няпроста, — гаварыў Юрый Ракель. — Таму выжыць ім у гэты перыяд дапамагаюць людзі. На тэрыторыі нашага раёна 4 паляўнічыя гаспадаркі. Лясгасаўская займае больш за 35 тысяч гектараў. Ёсць яшчэ дзве прыватныя, а таксама раённая арганізацыйная структура Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Паляўнічыя і клапоцяцца пра тое, каб дзікія звяры зімой не галадалі. У лясгасе за падкормку і выкладку кармоў адказныя егеры Алег Карпік і Павел Савіч, за якімі замацаваны ўгоддзі Камайскага і Лынтупскага сельсаветаў. У Старадворскім лясніцтве кармы па лясных сталоўках развозіць майстар лесу Дзмітрый Дубовік.
З Дзмітрыем і адправіліся папаўняць кармушкі. На першым прыпынку ён выгрузіў з бартавога крытага тэнтам УАЗіка мяшкі з зернем і занёс пад навес. Высыпаў і на зямлю, каб жывёла падбірала корм, як у дзікіх умовах.
— Падкормка лясных звяроў — адзін з найважнейшых складальнікаў дзейнасці паляўнічых, — расказваў Юрый Ракель. — Гэта робіцца як для прыцягнення звяроў у канкрэтнае месца паляўнічай гаспадаркі, так і для захавання і павелічэння іх колькасці ў канкрэтнай мясцовасці. Наша задача — дапамагчы дзікай жывёле перажыць складаны зімовы перыяд. Асноўная частка яе рацыёну — расліны, ягады, карэнне — засыпана снегам. Звярам цяжка здабыць з-пад тоўстага снежнага покрыва падножны корм. У такія дні казулі, дзікі, каб зберагчы энергію, могуць суткамі ляжаць на адным месцы. Ім складана прабірацца да падкормачных пляцовак.
Па словах вопытнага паляўніцтвазнаўца, найцяжэй перажыць зіму казулям, якія харчуюцца травой, ягаднікамі. Зімой іх часта можна ўбачыць на пасевах азімага рапсу, на палях, дзе расце канюшына. Для казуль паляўнічыя развешваюць венікі з галінак вярбы, асіны.
Зіма — найскладанейшая пара года і для дзікоў, калі немагчыма з-пад снегу выкапаць ні карэнне, ні жалуды. На кароценькіх нагах ім няпроста хадзіць па глыбокім снезе. Ад голаду ратуе зерне, насыпанае паляўнічымі. У суровыя зімовыя дні дзікія звяры канцэнтруюцца вакол падкормачных пляцовак. На тэрыторыі паляўнічай гаспадаркі лясгаса іх больш за 20.
Пад’язджаем да чарговай. Па слядах на снезе можна меркаваць, з якога боку лесу сюды прыходзілі казулі, дзікі, алені і зайцы. Пусты лясны стол сведчыць пра тое, што дадатковы корм у лясных жыхароў запатрабаваны. На лясной паляне — некалькі пабудоў: кармушкі, сховішча для збожжа. Дзмітрый Дубовік адчыняе яго дзверы і дэманструе стратэгічныя запасы, затым насыпае пшаніцу ў вёдры і нясе да кармушкі. Зноў жа частку высыпае пад навесам, частку проста рассыпае па снезе.
Лось зімой харчуецца галінкамі маладзенькіх асін і сосен, карой дрэў. Заходзіць і ў лясныя сталоўкі, каб падсілкавацца зернем. Яшчэ адзін жыццёва важны элемент падкормкі — соль. Як звычайная, так і з мікрадабаўкамі — фелуцэн. Саланцы ў кармушкі падкладваюць круглы год.
Запасы лясных сталовак звычайна папаўняюцца 1-2 разы на тыдзень. Калі моцныя снегапады або маразы, то егеры выбіраюцца ў лес ледзь не кожны дзень. У такіх выпадках на дапамогу ім прыходзяць аматары-паляўнічыя.
Убачыць за абедам каго-небудзь з лясных жыхароў мне ў той дзень не пашчасціла: звяры прыходзяць да кармушкі звычайна ноччу. Таму паназіраць за іх вячэрай можна толькі затаіўшыся на вышцы або з дапамогай фотапасткі. Апошнія дапамагаюць выяўляць і браканьераў.
Анна Анішкевіч
Фота аўтара і даслаў лясгас