Подведены итоги районного этапа республиканского конкурса «Учитель года Республики Беларусь»

Важное Образование

Пераможцы выбраны, але ніхто не прайграў

2 лютага ў СШ №1 адбылася ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў раённага этапа рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь».

Фінал двухмесячнага марафону, у якім удзельнічалі 18 прадстаўніц устаноў адукацыі Пастаўшчыны, сабраў не толькі іх. Павінша­ваць канкурсантак з заканчэннем спаборніцтва і ўзнагародзіць найлепшых прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, амаль усе работнікі аддзела па адукацыі на чале з начальнікам Паўлам Травам, кіраўнікі школ і дзіцячых садоў, калегі і вучні ўдзельніц.

Спачатку прысутным у зале прапанавалі ўспомніць, як праходзіў конкурс, і з дапамогай фотаслайдаў, што дэманстраваліся на вялікім экране, яшчэ раз акунуцца ў яго атмасферу. Нагадаю, спаборніцтва складалася з двух тураў. Завочны ўключаў у сябе мультымедыйную самапрэзентацыю і пісьмовае прадстаўленне праекта ўрока або занятку і сістэмы педагагічнай дзейнасці. У вочным туры педагогі публічна прадстаўлялі свае сістэмы педдзейнасці, а таксама праводзілі адкрытыя ўрокі і заняткі ў незнаёмых класах і групах. Усе яны з гонарам вытрымалі конкурсныя выпрабаванні, бо побач былі блізкія, сябры, калегі, якія дапамагалі і падтрымлівалі.

Подведены итоги районного этапа республиканского конкурса «Учитель года Республики Беларусь»
Пераможцы ў намінацыях разам з Паўлам Травам і Станіславам Чымбургам пасля ўзнагароджання

— На працягу двух месяцаў вы, намеснікі кіраўнікоў устаноў адукацыі, калегі-метадысты разам ішлі да гэтага дня, — гаварыў, віншуючы ўдзельніц, якіх запрасілі на сцэну, старшыня аргкамітэта конкурсу Павел Трава. — Калі б была такая магчымасць, я ўсіх вас прызнаў бы пераможцамі, таму што кожная сапраўды вельмі старалася. Дзякуй вам за ўдзел, за працу не толькі ў конкурсе, але і ў цэлым у галіне. Моцнага здароўя, аптымізму, мірнага неба над галавой і ўсяго найлепшага!

Самыя шчырыя словы адрасавалі педагогам намеснік кіраўніка раёна Станіслаў Чымбург і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Грачанік. Яны адзначылі, што канкурсанткі з’яўляюцца моцнымі прадстаўніцамі сістэмы адукацыі Пастаўшчыны, дапамагаюць атрымліваць добрыя вынікі ў вучэбна-выхаваўчай дзейнасці. Дзякуючы ім у тым ліку наш раён займае годнае месца ў вобласці. Усе ўдзельніцы валодаюць педагагічным талентам, які заключаецца ва ўменні знайсці індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, каб пера­даць яму свае веды. І гэта даказалі падчас удзелу ў спаборніцтве. Абодва выступоўцы падзякавалі канкурсанткам за прафесійнае майстэрства і смеласць публічна паказаць, на што здольныя, заўважыўшы: сярод іх дакладна няма тых, хто прайграў. І, вядома ж, пажадалі поспехаў педагогам, якія будуць абараняць гонар раёна на абласным этапе конкурсу.

А такі шанц атрымалі пераможцы ў намінацыях. Сярод настаўніц пачатковых класаў 1-е месца прысуджана Кацярыне Русак з СШ №4 імя В. Ф. Франтова, замежнай мовы — Юліі Ракель з гімназіі. У намінацыі «Фізіка. Геаграфія. Гісторыя» перамагла Святлана Латыш з Навадруцкай БШ, «Музыка. Працоўнае навучанне» — Эмілія Коскіна з дзіцячага сада №2. Найлепшым выхавальнікам дашкольнай адукацыі прызнана Наталля Шолах з дзетсада №1.

Пад апладысменты прысутных пераможцам уручылі Ганаровыя граматы аддзела па адукацыі райвыканкама і каштоўныя падарункі. Акрамя таго, усе ўдзельніцы атрымалі дыпломы аддзела і падарункі ад галіновага райкама прафсаюза. На гэтым сюрпрызы не закончыліся. З музычнымі віншаваннямі да педагогаў звярнуліся іх калегі і вучні. У ліку апошніх была і навучэнка Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі Злата Ярашэвіч, якая восенню прадстаўляла Беларусь на міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў папулярнай музыкі «Дзіцячая Новая Хваля-2022».

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.