Запатрабаваная і ў Кітаі
У мінулую пятніцу на тэрыторыі дрэваапрацоўчага цэха Пастаўскага лясгаса работа кіпела: шэсць фур чакалі сваёй чаргі для загрузкі піламатэрыяламі, прызначанымі для адпраўкі ў Кітай.
Механізатар Віктар Гусакоў умела кіраваў пагрузчыкам. Начальнік цэха Ганна Багрудзенка і бухгалтар Марына Грыгалёнак афармлялі дакументы.
— У сувязі з санкцыямі спыніўся экспарт лясной прадукцыі ў краіны Еўропы, — расказваў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў. — Беларуская ўніверсальная таварная біржа знайшла рынкі збыту ў Кітаі. Спецыяльныя гандлёвыя сесіі па рэалізацыі піламатэрыялаў у гэту краіну біржа сумесна з Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь праводзіць рэгулярна. Гэта дазваляе дыверсіфікаваць экспартныя пастаўкі беларускай пілапрадукцыі з традыцыйнага кірунка — краін Еўрапейскага саюза — у іншыя перспектыўныя рэгіёны. Прычым Кітай ахвотна бярэ піламатэрыялы нават з нізкасортнай драўніны, дапускаецца сінь.
Дрэваапрацоўчы цэх Пастаўскага лясгаса працуе больш за 20 гадоў. Сем гадоў таму тут устаноўлена сучасная высокапрадукцыйная лінія лесапілавання «Мебор», што дазваляе выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю з хвойных і ліставых парод. Вытворчая магутнасць лініі — 900 кубаметраў піламатэрыялаў за месяц. На двух стужкапілавальных станках замежнай вытворчасці за месяц выпускаюць адпаведна 130 і 180 кубаметраў.
За мінулы год работнікамі цэха выраблена 15 065 кубаметраў піламатэрыялаў.
— Адзін з арыенціраў для збыту нашай прадукцыі — унутраны рынак, дзе яна карыстаецца попытам, — працягваў Аляксандр Іванькоў. — Пастаяннымі кліентамі з’яўляюцца арганізацыі аграпрамысловага комплексу, дзе піламатэрыялы выкарыстоўваюцца пры рамонце ферм, адміністрацыйных будынкаў, жылых памяшканняў. Рэалізуем прадукцыю на патрэбы прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва Пастаўшчыны, а таксама ў розныя куткі Беларусі. Дабівацца высокіх паказчыкаў удаецца дзякуючы прафесіяналізму людзей, занятых на перапрацоўцы драўніны. Важкі ўклад у вытворчасць уносяць станочнікі Іван Грудзько, Аляксандр Сакалоў, якія з’яўляюцца і брыгадзірамі, станочнікі Вадзім Сталяронак, Максім Дзіковіч, укладчык Андрэй Лятко.
Дрэваапрацоўчы цэх працуе ў дзве змены. У ім задзейнічана 30 чалавек.
Драўніна ў цэх паступае з лясніцтваў. З яе тут атрымліваюць абразныя піламатэрыялы. Адходы перапрацоўваюцца ў шчапу, якая адпраўляецца ў кацельні УП ЖКГ нашага і Шаркаўшчынскага раёнаў.
Фуры паступова загружаліся прадукцыяй, а ў цэху вялася далейшая перапрацоўка драўніны. Сёлета тут запланавана ўстаноўка сушыльнага комплексу. Абсталяванне ўжо закуплена. Гэта дазволіць павысіць якасць прадукцыі і даходы лясгаса, якія дапамогуць паспяхова развівацца іншым падраздзяленням прадпрыемства.
Анна Анішкевіч