І зноў пра махляроў
Пра кібермахляроў чуў, напэўна, кожны — ад малога да старога. Ужо не першы год усе сродкі масавай інфармацыі расказваюць беларусам пра іх метады завалодання чужымі грашыма і просяць быць асцярожнымі. Тым не менш колькасць пацярпелых ад махлярскіх дзеянняў не змяншаецца. У асноўным імі становяцца людзі пажылога ўзросту, сярод якіх 70% складаюць жанчыны.
Як і раней, махляры тэлефануюць патэнцыйным ахвярам і прадстаўляюцца супрацоўнікамі банка або міліцыі ці Следчага камітэта. У першым выпадку паведамляюць, што нехта спрабуе аформіць на імя абанента крэдыт або перавесці грошы з яго карт-рахунка на іншы, і каб гэтага не адбылося, просяць назваць рэквізіты банкаўскай карты ці ўстанавіць на тэлефон спецыяльны мабільны дадатак. А затым здымаюць з рахунка ахвяры ўсе зберажэнні. У другім выпадку звяртаюцца з просьбай дапамагчы вывесці на чыстую ваду быццам бы несумленнага банкаўскага работніка, аформіўшы на сябе крэдыт і перавёўшы атрыманыя грошы на дасланы рахунак. Падманваюць і пры ажыццяўленні пакупак у інтэрнэце: перш чым даставіць тавар, просяць цалкам яго аплаціць і… «знікаюць з радараў».
Гэта ўжо вядомыя схемы. Але махляры не стаяць на месцы і прыдумваюць новыя спосабы падману.
— У апошні час кіберзлачынцы часта ўзломваюць месенджар Viber абанентаў мабільных аператараў: адпраўляюць спасылкі, пры пераходзе па якіх Viber блакіруецца, а злачынцы атрымліваюць доступ да ўсіх кантактаў абанента, звязваюцца з імі і праводзяць свае махлярскія дзеянні, — расказвае старшы інспектар прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Юрый Смірноў. — Таксама на мінулым тыдні ў рэспубліцы былі зафіксаваны два выпадкі, калі махляры прыйшлі дамоў да састарэлых. Адзін з іх прадставіўся супрацоўнікам міліцыі, другі — работнікам сацслужбы. Папрасіўшы ў пенсіянераў мабільныя тэлефоны, «госці» ўстанавілі на іх пэўныя праграмы, з дапамогай якіх спісалі грошы з банкаўскіх рахункаў гаспадароў.
Што рабіць, каб не страціць зберажэнні?
— Ні ў якім выпадку не паведамляйце нікому па тэлефоне свае персанальныя даныя, — раіць Юрый Аляксандравіч. — Банкаўскія работнікі ці супрацоўнікі міліцыі ніколі не будуць прасіць вас пра гэта. Як і не звернуцца з просьбай узяць крэдыт, каб дапамагчы выявіць злачынцу. Не пераходзьце па дасланых з невядомых нумароў спасылках. Атрымаўшы іх ад сяброў, пазваніце ім і спытайце, ці адпраўлялі вам што-небудзь. Не рабіце пакупак у невядомых інтэрнэт-магазінах і не ўносьце перадаплату ў памеры стопрацэнтнага кошту тавару. Калі ў вас на парозе з’явіліся асобы, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі міліцыі ці работнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, перш чым пусціць іх дамоў, папрасіце прад’явіць пасведчанні, а затым пазваніце ў адпаведныя арганізацыі і ўдакладніце, ці ёсць там такія работнікі. Тым больш не давайце незнаёмым людзям у рукі свой мабільны тэлефон.
Алена Шапавалава