Усё ў маім жыцці збылося
На гэты раз госцем рэдакцыі стала намеснік дырэктара, галоўны бухгалтар ААТ «Хацілы-агра» Ганна Шубелька. Роўна 10 гадоў таму ёй было прысвоена званне «Чалавек года Віцебшчыны», зараз яна — дэпутат раённага Савета дэпутатаў. Акрамя таго, што з’яўляецца выдатным прафесіяналам у працоўнай дзейнасці і актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці раёна, Ганна Мар’янаўна — любімая і любячая жонка і маці, непераўзыдзеная бабуля, выдатная гаспадыня і проста вельмі абаяльная жанчына.
— Ганна Мар’янаўна, усё пачынаецца з дзяцінства. Якім яно было ў вас?
— Я вырасла ў вёсцы Курты. У нашай сям’і ў згодзе жылі тры пакаленні: бабуля з дзядулем, мама з татам і мы з сястрой Яняй. Бацькі ўвесь час былі ў працы, намі ў асноўным займалася бабуля Адэля. Невысокая, худзенькая, яна заўсёды была нечым занятая і пра ўсіх клапацілася. А якія смачныя стравы гатавала! Бабулю, якой даўно няма з намі, успамінаю з асаблівай цеплынёй. Гадоў з 12-і я разам з мамай працавала ў калгасе: палола буракі, ірвала лён, пералапачвала на таку зерне і льногалоўкі. Хапала часу і на гульні: вайнушку, футбол, хакей і іншыя.
У школу хадзілі за 7 кіламетраў у Целякі. Зімы тады былі снежныя і марозныя. Здаралася, што падмарожвалі нос, шчокі. Але гэта нас не стрымлівала. З дзяцінства праяўляла лідарства. Была старшынёй піянерскай дружыны, два гады запар адпачывала ў пастаўскім лагеры актывістаў школ раёна. Мой фотаздымак вісеў на школьнай Дошцы гонару.
— Хацела стаць медыкам, а мая закадычная сяброўка Лена Кірплюк — настаўніцай. Вырашылі, што абедзве паедзем у Полацк, кожная ў свой тэхнікум, але хоць у адным горадзе будзем. Пайшлі з ёй у Паставы выбіраць у паліклініцы медыцынскія даведкі. Заадно ў кніжным магазіне купілі даведнік для абітурыентаў. Гартаючы яго, спыніліся на прафесіі бухгалтара. І сталі разважаць: «А чым дрэнная прафесія? Яны ж нічога не робяць, толькі зарплату налічваюць. Вывучымся і будзем яе сваім бацькам налічваць, ды паболей. Акрамя таго, заўсёды — разам, у адным тэхнікуме, а потым — у адной бухгалтэрыі». Вось такая дзіцячая логіка! Нам жа было ўсяго па 15.
— Чамусьці выбралі Ашмянскі сельгастэхнікум, хаця аналагічны быў і ў Полацку, куды намнога зручней дабірацца. Але ніхто намі не пакіраваў. Як надумалі самі, так і зрабілі. Вучыліся тры гады, і яны былі ў маім жыцці найлепшымі. Вучоба давалася лёгка, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці. Выбралі фізоргам. Захапілася спортам, выступала на розных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы і бегу на лыжах, займала прызавыя месцы. А які цудоўны танцавальны калектыў у нас быў! Аб’ездзілі з канцэртамі ўсю Гродзеншчыну. Падчас вучобы ў тэхнікуме прыйшло першае каханне. Але пасля яго заканчэння з-за мяне нашы шляхі разышліся. Вярнуўшыся з дыпломам бухгалтара ў родныя мясціны, у той жа год выйшла замуж за аднавяскоўца Вацлава Шубельку.
— Шчаслівая, хаця за гады сямейнага жыцця здаралася рознае. Але я заўсёды адчуваю сябе за мужам. Першыя гады сумеснага жыцця ўвогуле былі казачнымі. Вацлаў дагаджаў мне ва ўсім. Калі нарадзіўся наш першынец, Сярожа, літаральна на руках насіў і яго, і мяне. Здаралася хварэць, і муж клапатліва выходжваў мяне. Вяртаючыся з камандзіроўкі, абавязкова прывозіў гасцінцы не толькі дзецям, але і мне. Прывозіць і цяпер. Ні адзін дзень нараджэння, ні адно 8 Сакавіка не бываюць без кветак і падарункаў. Адным словам, мужчына з вялікай літары. І абодва нашы сыны такія ж. Для іх існуе культ маці і жонкі.
— Размову пра сям’ю прадоўжым крыху пазней. А зараз хацелася б даведацца пра ваша станаўленне як бухгалтара.
— Пасля заканчэння тэхнікума мяне і Лену прынялі на работу ў бухгалтэрыю калгаса імя Мічурына, які тады ўзначальваў Грыгорый Цярэнцьевіч Грабянюк. Многаму навучыў вопытны галоўны бухгалтар Леанід Міхайлавіч Храпавіцкі, побач з якім працавала тры гады, да яго выхаду на пенсію. Старалася ўнікаць у справу, як мага больш пазнаваць. Акрамя таго, узначальвала калгасную камсамольскую арганізацыю. У 1994 годзе мяне назначылі галоўным бухгалтарам. К гэтаму часу я ўжо мела двое дзяцей.
А вось вучобу прадоўжыла толькі ў 40 гадоў — паступіла ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Адметна, што ў той год мой старэйшы сын, Сяргей, заканчваў БАТУ, а малодшы, Юра, толькі паступіў у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Дарэчы, Юра дапамагаў мне спасцігаць вышэйшую матэматыку. Астатнія прадметы даваліся лёгка. Дзяржэкзамен здала на 9 балаў, дыпломную работу абараніла на 10.
— Прэстыжна працаваць у моцнай гаспадарцы…
— Яна не заўсёды была такой. Перажывалі і цяжкі перыяд. Менавіта тады (а гэта быў 1999 год) гаспадарку ўзначаліў Вячаслаў Іосіфавіч Крыштафовіч. Здарылася засуха. Сабралі бедны ўраджай, не хапала кармоў жывёле. Вельмі цяжкім было фінансавае становішча. Усё даражэла, а зарплаты заставаліся нізкімі. Якраз у той час адкрыўся Пастаўскі мэблевы цэнтр і людзі сталі звальняцца ад нас і ўладкоўвацца туды. Каб змяніць становішча гаспадаркі, трэба было ад нечага адштурхнуцца. Зразумела, што аснова асноў — вытворчасць. Стаўку зрабілі на развіццё жывёлагадоўлі, укараненне новых тэхналогій. Трэба аддаць належнае смеласці нашага дырэктара. У 2010 годзе пабудавалі сучасную ферму з даільным абсталяваннем — устанавілі на ёй 12 робатаў. (Ні ў адной гаспадарцы вобласці такой іх колькасці не было, бо абслугоўванне робатаў вельмі дарагое.) Гэта быў рызыкоўны, але апраўданы крок. За 8 гадоў яна акупілася, і ў 2018 годзе заказалі праект на новую ферму з даільнай залай, у 2020-м увялі яе ў дзеянне. Гэта дало вялікі плюс.
Добра ідуць справы ў раслінаводстве. Штогод атрымліваем высокія ўраджаі, забяспечваем уласным фуражом жывёлагадоўлю, выконваем дзяржзаказ, прадаём насеннае зерне многім гаспадаркам вобласці. Пастаянна абнаўляем машынна-трактарны парк.
Моцнае фінансавае становішча таварыства. Людзі атрымліваюць добрую зарплату, моладзь застаецца ў вёсцы. Гаспадарка мае магчымасць укладваць сродкі ў развіццё і капіталізацыю.
— Ну а зараз зноў вяртаемся да вашай сям’і.
— Пра мужа я ўжо расказала. Маме ў сярэдзіне сакавіка споўніцца 90. Яна жыве ў маёй сястры Яніны ў Хацілах. Мама і сястра — вельмі дарагія для мяне людзі. Абодва сыны — Сярожа і Юра — атрымалі вышэйшую адукацыю. Адзін працуе на Пастаўскім малочным заводзе, другі служыць у «Авіяцыі МНС Беларусі». Ганаруся імі. У абодвух добрыя сем’і, пабудавалі сабе дамы ў Паставах. Сыны вельмі дружныя паміж сабой, дапамагаюць адзін другому. Пастаянна клапоцяцца пра мяне і бацьку, часта звоняць, цікавяцца здароўем, наведваюцца. Нявесткі Таня і Віка для мяне як родныя дочкі. А ўнукі Ігар, Каця, Лёша і Маша — найвялікшае шчасце, ім аддаю ўсю душу. Ігар ужо студэнт БАТУ. Каця вучыцца ў гімназіі, Лёша і Маша — у першай школе. Сям’я дружная. На святы звычайна збіраемся ў нас. У такія дні стараюся праявіць усе свае кулінарныя здольнасці. Лічу, што ў мяне ёсць надзейны анёл-ахоўнік і ўсё ў маім жыцці збылося так, як трэба.
— Але ж перажылі і вялікі стрэс…
— Пяць гадоў назад на мяжы жыцця і смерці апынулася нявестка Таня. Яна прывезла ў пастаўскі шпіталь на працэдуру дачушку і страціла там прытомнасць. Высветлілася — упала ў кому. На «хуткай» у 10 гадзін вечара адправілі ў ваенны шпіталь у Мінск, але там не прынялі, бо не працаваў апарат МРТ. Накіравалі ў бальніцу хуткай дапамогі пры Інстытуце нейрахірургіі, дзе і зрабілі ўнікальную аперацыю па выдаленні анеўрызмы галаўнога мозгу. Як я малілася Богу, каб Таня засталася жыць, каб не асірацелі двое малых!
21 дзень нявестка знаходзілася ў коме. Медыкі не давалі ніякіх прагнозаў. Ля яе па чарзе дзяжурылі я і Юра. Якраз на маім дзяжурстве Таня апрытомнела і паклікала: «Мама!» Пасля выздараўлення прызналася, што ў той момант яна клікала не мяне, а сваю маму, якая памерла ў маладым узросце. Расказвала: «Я выразна бачыла сваю маму. Так радавалася гэтаму і ўсёй істотай імкнулася да яе. А мама адпіхнула…»
Таня засталася на гэтым свеце. У шпіталі яна праляжала некалькі тыдняў. Усе мы шчаслівыя, што яе жыццё выратавана і бязмежна ўдзячныя за гэта медыкам.
— Ведаю, што вы вельмі энергічная і без справы наўрад ці бываеце. І ўсё ж як праводзіце вольны час?
— Звычайна — з любімымі ўнукамі. Асабліва шмат клопатаў было з Машай і Лёшам, калі хварэла іх мама і яны вельмі сумавалі па ёй. І зараз шмат часу аддаю ім. Самае любімае месца — бацькоўскі дом у Куртах. Таты не стала даўно — у 1998 годзе. Мама, як я ўжо гаварыла, жыве ў Хацілах пры маёй малодшай сястры. Але хату мы не закінулі: зрабілі рамонт унутры, пафарбавалі звонку. Часта наведваемся туды. Пасадзілі малады сад. Летам люблю ўпраўляцца з кветкамі, якіх мноства, як шматгадовых, так і аднагадовых. А якая асалода памыцца ў лазні або летам пакупацца ў рэчцы, што побач, пазагараць на маленькім пляжы, які абуладкавалі самі! І сыны з нявесткамі, унукі любяць тут бываць. Прывозім маму, каб пабачыла, што ў доме і ля яго ўсё ў парадку і прыгожа.
— З вашага расказу пра студэнцкае жыццё я зразумела, што вы вялікая аматарка танцаў. З гадамі не страцілі інтарэсу да іх?
— Танцаваць люблю да гэтага часу, толькі нагода бывае не часта. Апошняя надарылася напрыканцы мінулага года падчас святкавання каталіцкіх Каляд. Пазваніла ўсё тая ж сяброўка школьных гадоў Лена і сказала, што ў РДК ладзіцца вечарына для тых, каму за 50. Не без ваганняў згадзілася пайсці з ёй. І не пашкадавала. Вечар цікава вяла Алена Слядзеўская, выступаў ансамбль «25 плюс-мінус». Натанцаваліся ўволю — вальс, польку кракавяк, падэспань і інш. Лічу, што такія вечары трэба арганізоўваць часцей. Яны для немаладых людзей сталі б добрай аддушынай.
— Ганна Мар’янаўна, дзякуй за гутарку! Няхай анёл-ахоўнік і надалей будзе побач з вамі.
Гутарыла Фаіна Касаткіна
Фота Веранікі Філановіч