А мы Масленку чакаем ды бліночкі выпякаем
Водар бліноў, якія да Масленіцы пяклі жыхаркі Лукашова Людміла Мелец і Тэрэза Зеляндзін, вярнуў мяне ў дзяцінства, калі ў вясковых хатах гаспадыні ў печы гатавалі ўсе стравы. І па паху, які даносіўся, можна было меркаваць, у каго варыцца капуста, а ў каго пякуцца бліны. Разам са сваімі зямлячкамі мы ўспомнілі, як на цэнтральнай сядзібе былога саўгаса «Пастаўскі» ў вёсцы Цешалава праводзілі Зіму і гукалі Вясну: з песнямі, танцамі, гульнямі, катаннем на конях, запрэжаных у сані, ўпрыгожаных яркімі стужкамі, званочкамі і, вядома ж, з блінамі — з мёдам, сырам, маслам.
Вёскі апусцелі. Але жывуць людзі, якія беларускія традыцыі перадаюць нашчадкам. Людміла Мелец загадвае Лукашоўскім сельскім клубам. Яна — удзельніца народнага клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя». На Масленіцу ў Азёрках будзе частаваць гасцей уласнаручна спечанымі блінамі і іншымі прысмакамі. Тэрэза Міхайлаўна — сапраўдная майстрыха па прыгатаванні розных кулінарных страў, умее выпякаць прыгожыя і смачныя вясельныя караваі. Свой талент перадала дочкам Ларысе і Ірыне.
Людміла Мелец і Тэрэза Зеляндзін шмат расказвалі пра традыцыі Масленічнага тыдня. У панядзелак, які называўся «Сустрэча», ішлі адно да аднаго ў госці сваты. У аўторак — «Зайгрыш» — адбываліся агледзіны нявест. У сераду — «Лакамку» — зяць прыходзіў на бліны да цешчы. У чацвер — «Разгул» — пачыналася шырокае святкаванне Масленіцы з гульнямі і танцамі. У пятніцу — «Цешчын вечар» — цешча ішла на бліны да зяця. У суботу — «Залоўчыны вячоркі» — маладыя нявесткі запрашалі ў госці залвіц і іншых родных мужа. У апошні дзень тыдня — «Даравальную нядзелю», або «Провады» — людзі прасілі прабачэння адно ў аднаго, распальвалі вогнішча і развітваліся з Масленіцай.
З панядзелка ў праваслаўных пачынаўся Вялікі пост.
Анна Анішкевіч