Не капáйце і здавайце
Незаконнае распаўсюджанне і перамяшчэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў стварае пагрозу як грамадскай бяспецы ў цэлым, так і жыццю, здароўю, правам і інтарэсам грамадзян, становіцца перадумовай здзяйснення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Таму барацьба з іх незаконным абаротам займае асаблівае месца ў дзейнасці праваахоўных органаў, а прадугледжаная за гэта адказнасць дастаткова жорсткая. Пра яе расказвае старшы інспектар па дазвольнай рабоце аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Андрэй Барадулін:
— У мінулым годзе на тэрыторыі Пастаўскага раёна зарэгістраваны 4 злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. 2023-і толькі пачаўся, а ўжо маем адно такое злачынства. Асаблівую заклапочанасць выклікае дзейнасць так званых чорных капачоў, якія не толькі садзейнічаюць супрацьпраўнаму распаўсюджанню зброі і боепрыпасаў, але і могуць траўміравацца ці загінуць падчас раскопак.
Хачу нагадаць, што за незаконныя пошукавыя работы ў месцах воінскіх пахаванняў, месцах, дзе вяліся баявыя дзеянні або адбываліся карныя акцыі, прадугледжана адказнасць па арт. 20.7 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Штраф за такія дзеянні складае ад 10 да 30 базавых велічынь. Грамадзяне, якія добраахвотна здалі зброю, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы, ад крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці вызваляюцца.
У Пастаўскім РАУС на пастаяннай аснове дзейнічае гарачая лінія, пазваніўшы на якую можна атрымаць кансультацыю па пытаннях, звязаных з абаротам зброі, а таксама паведаміць пра асоб, якія незаконна яе захоўваюць, займаюцца незаконнымі раскопкамі і іншай супрацьпраўнай дзейнасцю, звязанай са зброяй. Калі вы валодаеце такой інфармацыяй, тэлефануйце на адзін з нумароў: 4-25-06, 4-10-02, 8(029)510-29-45 (МТС) або 8(029)325-74-02 (А1). Ананімнасць гарантуем.
Падрыхтавала Алена Шапавалава