Запасціся палівам на зіму можна праз Пастаўскі філіял абласнога УП «Віцебскаблпаліва» або адправіўшыся ў лес самастойна. Як пры гэтым «не наламаць дроў», карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч пацікавілася ў намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандра Іванькова.
— Метад саманарыхтоўкі па-ранейшаму карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў Пастаўшчыны, — расказваў Аляксандр Мікалаевіч. — За мінулы год мы выдалі больш за 400 ордараў: па 100 — у груздаўскім і варапаеўскім лясніцтвах, 64 — у лынтупскім. Усяго адпушчана амаль 10 тысяч кубічных метраў драўніны.
— Здаўна спрыяльным часам для нарыхтоўкі дроў лічыцца зіма…
— Гэту пару года выбіраюць невыпадкова: пілаваць дрэвы, якія скінулі лісце, прасцей, а шчапаць прамерзлыя калодкі лягчэй, нарыхтаваныя зімой дровы прасохнуць да наступнага ацяпляльнага сезона і будуць добра гарэць і даваць шмат цяпла.
— І як атрымаць дазвол на нарыхтоўку?
— З пашпартам звярнуцца ў лясгас або найбліжэйшае лясніцтва і напісаць заяву, у якой указаць колькасць неабходнай драўніны. Максімальная на адзін ордар — 50 кубаметраў. Кошт залежыць ад таго, дрывяная гэта або дзелавая драўніна (5—10 рублёў за кубаметр). Пасля аплаты грамадзянін атрымае ордар з указаннем заканчэння тэрміну нарыхтоўкі і вывазу драўніны, спосабу ачысткі лесасекі ад парубачных рэшткаў. Усе работы павінны праводзіцца ў адпаведнасці з Лясным кодэксам Рэспублікі Беларусь.
— Хто вызначае, дзе весці нарыхтоўку?
— Ляснік адвядзе пэўны лясны ўчастак і пакажа дрэвы для высечкі. З работамі прыйдзецца ўправіцца прыкладна на працягу месяца. Склаўшы дровы штабялямі, зноў трэба звярнуцца ў лясніцтва, каб работнік лясной аховы замераў нарыхтаванае. Вывезці лішкі не атрымаецца, бо лясніцтвы актыўна выкарыстоўваюць фотапасткі, якія фіксуюць усе дзеянні ў лесе.
— Што пагражае таму, хто парушыць заканадаўства?
— У адпаведнасці з артыкулам 16.17 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за незаконную высечку або пашкоджанне да ступені спынення росту ці знішчэння драўняна-хмызняковай расліннасці можа быць накладзены штраф: на фізічных асоб у памеры да 30 базавых велічынь (цяпер гэта 1 110 рублёў.), індывідуальных прадпрымальнікаў — да 200 БВ. Відавочна: штрафы ўнушальныя. Таму лепш нарыхтоўваць драўніну па правілах.