Жыў і жыву па-справядлівасці
Такую выснову зрабіў былы старшыня калгаса «Новае жыццё» Адам Сварцэвіч, калі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама прымаў віншаванні з нагоды свайго 65-годдзя.
Чацвёрты год, як Адам Іосіфавіч атрымаў права на заслужаны адпачынак, адышоў ад вытворчых спраў ААТ «Камайскі-агра», дзе апошнія гады кіраваў мулярскім аддзяленнем. Але ў вольны час не ляжыць на канапе, а знаходзіць занятак для душы. З вясны да восені хапае спраў на прысядзібным участку, вабяць ціхае паляванне і рыбалка. Пайшоўшы ў грыбы або закінуўшы вудачку, часта ў думках вяртаецца ў мінулае.
Дзяцінства звязана з Сасноўшчынай, што на мяжы з Докшыцкім раёнам. Як і большасць яго равеснікаў, любіў тэхніку, таму і паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Вярнуўся ў былы калгас «Праўда», і яго прызначылі галоўным інжынерам. Неўзабаве прапанавалі пасаду намесніка калгаса. У 1986 годзе выбралі старшынёй калгаса «Новае жыццё» з цэнтрам у Мулярах.
— Гаспадарка — не слабая, людзі — працавітыя, — успамінаў Адам Іосіфавіч. — Знайшоў узаемаразуменне. З удзячнасцю ўспамінаю шчырых працаўнікоў: механізатараў, аператараў машыннага даення, даглядчыкаў жывёлы. Вядома, здараліся і розныя інцыдэнты. Але я ўсё рабіў па справядлівасці. Разумею, што найвышэйшы суддзя — Бог. І ўсім нам некалі прыйдзецца адказваць за свае ўчынкі. Але людзі пастаянна павінны быць адказнымі за даручаную ім справу. І калі чалавек парушае працоўную дысцыпліну, то нельга закрываць на гэта вочы. Работнікі ведалі мой характар, таму заўсёды пагаджаліся з вынесеным вердыктам.
Калі дробныя гаспадаркі сталі далучаць да буйных, «Новае жыццё» ўвайшло ў склад моцнага калгаса «Дружба», а Адам Сварцэвіч стаў намеснікам старшыні. Плённымі былі гады работы з Баляславам Шылько. Юбіляр не раз адзначаў, што ён бязмежна ўдзячны людзям, з якімі разам працаваў. Некалькі гадоў таму перанёс інсульт і складаную аперацыю. Цудам выжыў і вярнуўся да паўнацэннага жыцця. І гэта не толькі дзякуючы медыкам, але і Усявышняму, упэўнены Іосіфавіч. Рэгулярна бывае ў касцёле, адкрыта вызнае сваю шчырую веру. Адам Сварцэвіч пабудаваў у Камаях дом, мае двух сыноў. А колькі дрэў пасадзіў, то не злічыць!
— Можа, таму, што я родам з Сасноўшчыны, вельмі люблю сосны, — гаварыў Адам Іосіфавіч. — Праўда, яны не зусім добра прыжываюцца. У палісадніку за домам растуць ліпы, елкі, бярозы. Сёлета зноў планую пасадзіць сосенкі. Па першых пасадках нават грыбы, здараецца, збіраю.
Цешыцца юбіляр двума ўнукамі і ўнучачкай. У вольны час любіць глядзець перадачы на краязнаўчыя тэмы, цікавіцца гісторыяй роднага краю.
Віншуючы Адама Сварцэвіча з 65-годдзем, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Лютынскі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Катовіч, старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч жадалі імянінніку здароўя, здзяйснення ўсіх задум, прасілі і надалей дзяліцца сваім багатым вопытам з маладымі спецыялістамі, падказваць ім і дапамагаць у рабоце.
Анна Анішкевіч