Каб быць з ураджаем
Пачатак веснавых палявых работ не за гарамі. А каб правесці іх ва ўстаноўленыя тэрміны, у раёне актыўна рамантуецца сельскагаспадарчая тэхніка, даводзіцца да пасяўных кандыцый насенне, закупляюцца мінеральныя ўдабрэнні, якія называюць эліксірам ураджайнасці. Кожны аграном добра ведае: як накорміш зямлю, такая і аддача ад яе будзе.
На павышэнне ўраджайнасці накіравана і пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па падрыхтоўцы да палявых работ, стварэнні трывалай кармавой базы і ўборцы ўраджаю ў 2023 годзе». Згодна з ёй, неабходна забяспечыць вытворчасць асноўных відаў сельгаспрадукцыі ў аб’ёмах, прадугледжаных Дзяржаўнай праграмай «Аграрны бізнес» на 2021—2025 гады.
Трывалая аснова пад ураджай бягучага года ў раёне закладзена з восені: азімыя зерневыя пасеяны амаль на 16 000 гектараў, рапс — больш чым на 4 000 га. Важную ролю ў атрыманні высокай ураджайнасці зерневых і зернебабовых адыгрывае азот. Нават пры неспрыяльных кліматычных умовах (высокая або нізкая тэмпература паветра, недахоп ці празмерная вільгаць) гэта ўдабрэнне можа выратаваць расліны. Кіраўніцтва двух валаўтваральных сельгаспрадпрыемстваў — «Хацілы-агра» і «Навасёлкі-Лучай» — за ўласныя сродкі яго ўжо набыло. Закупку як азотных, так і фосфарных удабрэнняў для гаспадарак аграпрамысловага аб’яднання праводзіць Пастаўскі малочны завод. На гэтыя мэты прадпрыемства выдзеліла 1,5 мільёна рублёў.
Анна Анішкевіч