Афганістан і ў лёсе нашых пуцейцаў
Леанід Дзехцяронак, Віктар Лоўкіс, Станіслаў Кішко — воіны-інтэрнацыяналісты. У Варапаеўскай дыстанцыі пуці працуюць на розных участках: першы — начальнікам участка, другі — брыгадзірам пуці, трэці — слесарам-рамонтнікам. А аб’ядноўвае іх не толькі адказнае выкананне службовых абавязкаў, але і памяць пра ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Афганістана.
У прафсаюзнага камітэта дыстанцыі пуці ёсць добрая традыцыя разам з кіраўніцтвам у дзень вываду ваеннаслужачых абмежаванага кантынгента савецкіх войск з Афганістана ўшаноўваць воінаў-інтэрнацыяналістаў. На гэты раз у кабінет начальніка дыстанцыі прыйшлі Станіслаў Кішко і Леанід Дзехцяронак. Хто, як не яны, добра ведаюць, што такое подзвіг, самаахвяраванне, гераізм, умеюць цаніць жыццё, захаваць гістарычную праўду пра падзеі афганскай вайны, многаму навучыць маладзейшае пакаленне.
Нашы воіны-інтэрнацыяналісты не любяць дзяліцца сваімі балючымі ўспамінамі з іншымі, расказваць пра ваенныя аперацыі, мужнасць салдат, на долю якіх выпала тая вайна. На постсавецкай прасторы цяпер па-рознаму адносяцца да падзей таго часу. Але людзей, якія прайшлі праз Афганістан, вызначае сапраўдная мужчынская дружба, высокае пачуццё абавязку за зямлю, на якой яны жывуць, працуюць, выхоўваюць нашчадкаў.
Са словамі падзякі за мужнасць і гераізм, праяўленыя Станіславам Кішко і Леанідам Дзехцяронкам пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку, да іх звярнуліся начальнік дыстанцыі пуці Канстанцін Канаш і я. Віноўнікам урачыстасці ўручылі кветкі і выплацілі прэмію. Віктар Лоўкіс працуе на лынтупскім участку дыстанцыі і прыехаць у Варапаева не змог. Яму падарунак перадалі праз дарожнага майстра Рышарда Гіруця.
Падчас гутаркі з удзельнікамі баявых дзеянняў яшчэ больш пачынаеш цаніць мірнае неба над Беларуссю, магчымасць сваёй працай забяспечваць стабільную будучыню краіны. Воіны-інтэрнацыяналісты, як ніхто іншы, могуць данесці да моладзі галоўныя чалавечыя якасці: моц баявога брацтва і пляча сябра ў складаную хвіліну, вернасць воінскаму абавязку і служэнню Айчыне. У Год стваральнай працы і міру такія сустрэчы асабліва неабходныя.
Вера Ушкур, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Варапаеўскай дыстанцыі пуці