22 лютага з Папяльцовай серады у католікаў пачынаецца Вялікі пост

Духовность

Час пакаяння і Божай ласкі

Вялікі пост у католікаў пачынаецца з Папяльцовай серады (22 лютага).

Падчас святой Імшы святары пасыпаюць галовы вернікаў попелам і кажуць: «Кайцеся і верце ў Евангелле» або «Прах ты і ў прах вернешся». Гэты абрад мае значэнне толькі тады, калі праводзіцца ў храме, бо важны не сам працэс пасыпання попелам, а прысутнасць чалавека ў святыні, яго гатоўнасць адкрыць сябе на Слова Божае. Таму браць з сабой попел дадому, каб там пасыпаць ім галовы сваіх сваякоў, не мае сэнсу.

Попел — сімвал крохкасці і імгненнасці чалавечага жыцця. А яно напоўнена спакусамі. Праз перамогу над імі трэба імкнуцца да дасканаласці. 40-дзённы перыяд Вялікага посту — добрая нагода для працы над сабой, калі трэба старацца пераадолець у сваім целе грэшныя звычкі. Духоўныя практыкі, да якіх заахвочвае Касцёл у гэты час, — малітва, пост, міласціна.

22 лютага з Папяльцовай серады у католікаў пачынаецца Вялікі пост

Кожны дзень нашага жыцця павінен быць напоўнены малітвай. Але не напаказ. Нездарма Езус казаў: калі молішся, пайдзі ў свой пакой і маліся таемна. Многія разумеюць пост, як устрыманне ад мяса. Але гэта перш за ўсё адно з найбольш карысных духоўных практыкаванняў. Яно падразумявае пост ад граху і шкодных звычак, што можа быць нават больш складана, чым абмежаванне ў ежы. Посцімся не целам, а душой: стараннай у малітве, уважлівай на Божае Слова, стрыманай у забавах і пустым баўленні часу, трывалай у пакаянні, дзейснай на добрыя ўчынкі, шчодрай на міласціну. Сёння становіцца модным рэкламаваць дабрачыннасць. А Езус казаў: калі даеш міласціну, няхай твая левая рука не ведае, што робіць правая. І не чакай за гэта ўдзячнасці.

У перыяд Вялікага посту вернікаў чака­юць рэкалекцыі і духоўныя практыкаванні, набажэнствы Крыжовага шляху і Песні жальбы, удумлівыя рахункі сумлення і шчырая споведзь. Гэта сапраўды час ласкі Бога і міласэрнасці Яго Сына Езуса Хрыста, магчымасць правільна расставіць прыярытэты ў сваім жыцці і пераасэнсаваць яго каштоўнасці.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.