«Сузор’е талентаў» з Глыбокага
22 лютага ў «Старым млыне» адкрылася абменная выстава работ майстроў Глыбоцкага Дома рамёстваў.
Госці з суседняга раёна пастараліся прадставіць усё, чым яны займаюцца: ганчарства, разьбу па дрэве, ткацтва, саломапляценне, вышыўку, беларускую ляльку, ткацтва паясоў, бісерапляценне, выцінанку, валенне з воўны і маляванку. Першымі ўбачыць іх работы змаглі навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа і мясцовыя майстры, якія прыйшлі на адкрыццё выставы.
Дырэктар Глыбоцкага Дома рамёстваў Таццяна Карнеева расказала прысутным пра ўстанову, якую ўзначальвае: яе гісторыю, асноўныя напрамкі дзейнасці і калектыў, што складаецца з 11 народных умельцаў. Двое з іх — метадыст па бісерапляценні і ткацтве паясоў Алена Дабравольская і майстар па саломапляценні і выцінанцы Юлія Арэхава — прыехалі разам з кіраўніком у Паставы. Яны пазнаёмілі наведвальнікаў са сваімі работамі і расказалі, як іх стваралі.
Затым Алена Дабравольская правяла для падлеткаў і дарослых майстар-клас па вырабе самых простых, скручаных, паясоў. Усім прысутным, якія раздзяліліся на пары, яна раздала па дзве ніткі і папрасіла скруціць іх у адну. Калі гэта было зроблена, «паясы» разрэзала напалам і павязала кожнаму «майстру» на руку як фенечку. Не менш цікавым быў і інтэрактыў Таццяны Карнеевай, якая запрасіла ўсіх да стала з драўлянымі вырабамі і паказала, як забаўляліся нашы продкі. Праверыць з дапамогай даўнейшых цацак свой спрыт і каардынацыю рухаў маглі і прысутныя.
Адкрыццё выставы, несумненна, спадабалася навучэнцам каледжа. Яны ўважліва слухалі майстроў, з інтарэсам разглядалі работы, ахвотна ўдзельнічалі ў майстар-класе і інтэрактыве, а ў канцы ўзнагародзілі гасцей гучнымі апладысментамі.
Алена Шапавалава