21 февраля — Международный день экскурсовода. Кто может проводить для туристов экскурсии по Поставам?

Общество

Каб госці ўлюбіліся ў Паставы

Падарожжа каштуе грошай, але робіць кожнага вандроўніка багацейшым. Куды б ён ні паехаў, абавязкова прывязе з сабой новыя ўражанні, станоўчыя эмоцыі і ўспаміны, якія, магчыма, будзе ўзгадваць усё жыццё. А вось ці застануцца ў гэтым багажы каштоўныя веды пра тую ці іншую мясцовасць, шмат у чым залежыць ад экскурсаводаў — праваднікоў у гістарычнае мінулае.

Хто адкрывае турыстам Пастаўшчыну? Гэтым пытаннем задалася, калі ўбачыла на календары такую дату, як Міжнародны дзень экскурсавода. І здзівілася, што на сёння толькі два чалавекі ў раёне маюць афіцыйны дазвол на тое, каб расказваць групам людзей пра славутасці нашага краю — гэта дырэктар цэнтра турысцкіх паслуг Ягор Шушкевіч і пастаўчанка Людміла Сяменас. Сустрэлася з ёй, каб абмеркаваць экскурсаводчую дзейнасць.

21 февраля — Международный день экскурсовода. Кто может проводить для туристов экскурсии по Поставам?

Аднак перш чым пра яе расказаць — некалькі слоў пра змяненні ў заканадаўстве, якія закранулі сёлета гэту галіну. З 1 студзеня 2023 года набыў моц новы Закон «Аб турызме». Згодна з ім, экскурсіі па Беларусі могуць праводзіць толькі тыя экскурсаводы, якія прайшлі атэстацыю ў Нацыянальным агенцтве па турызме Рэспублікі Беларусь і абараніліся па абраных маршрутах. Выключна на іх экскурсавод можа аказваць свае паслугі. Гэта значыць, што, абараніўшы экскурсію па Мінску, ва­дзіць групы турыстаў па Віцебску ці Гродне (ці любым іншым горадзе) забараняецца.

Атэставаныя спецыялісты ўключаюцца ў нацыянальны рэестр экскурсаводаў. У яго ўключана і пастаўчанка, бібліятэкар раённай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі Людміла Сяменас. Летась яна здала далёка не простыя іспыты ў Нацыянальным агенцтве па турызме і цяпер мае права праводзіць экскурсіі па маршруце «Край азёр, касцёлаў, паркаў». Больш за 10 гадоў назад яго разам з калегамі распрацаваў дырэктар цэнтра турысцкіх паслуг Ягор Шушкевіч.

— Краязнаўствам цікаўлюся даўно, — расказвала Людміла Сяменас. — Спрыяе гэтаму і мая работа ў бібліятэцы: у нас ладзіцца нямала дзіцячых мерапрыемстваў, звязаных з вывучэннем гісторыі родных мясцін, азнаямленнем з разнастайнымі славутасцямі. У бібліятэцы таксама шмат краязнаўчай літаратуры — кніг Ігара Пракаповіча, Мікалая Арэха, Івана Драўніцкага і іншых. Чытаючы іх, заўжды захапляюся культурна-гістарычнай спадчынай нашай Пастаўшчыны, яе самабытнай архітэктурай, славутымі продкамі.

З часам з’явілася жаданне дзяліцца ведамі з іншымі. Былі і канкрэтныя прапановы: Ягор Шушкевіч запрасіў праводзіць экскурсіі па Паставах для турыстаў, якія прыязджалі на Пастаўшчыну. Так і асмелілася распачаць дзейнасць у новай для сябе галіне, якой прысвячаю вольны ад асноўнай работы час.

Атэстацыю Людміла Сяменас прайшла летам 2022 года. У нацагенцтве ёй патрабавалася здаць камп’ютарнае тэсціраванне на веданне гісторыі і геаграфіі Беларусі, заканадаўства краіны ў турыстычнай галіне, а таксама вытрымаць экзамен непасрэдна перад экспертнай камісіяй. Было хвалююча, аднак вынік парадаваў.

Стаж экскурсавода ў Людмілы Францаўны яшчэ невялікі. Аднак і за гэты кароткі час яна ўпэўнілася: справа ёй даспадобы. Ды і зацікаўленыя турысты, іх словы ўдзячнасці не могуць не натхняць на далейшую працу.

— Тэкст экскурсіі — гэта толькі вяршыня айсберга вялізнага пласта інфармацыі, які ты вывучаеш, — працягвала Людміла Сяменас. — Прычым цікаўлюся не толькі Пастаўшчынай. Перад экскурсіямі стараюся даведацца, з якога горада прыязджаюць госці, каб знайсці агульнае ў гісторыі, правесці паралелі ў тым ці іншым аспекце развіцця. Узгадваю, як лёгка і цікава было працаваць з турыстамі з Гродна, з якім цесна звязаны лёс славутага на Пастаўшчыне Антонія Тызенгаўза. І заўважаю, што гэта пастаяннае саманавучанне ўсё болей натхняе на ўласныя вандроўкі. На Пастаўшчыне мае любімыя месцы — Манькавічы, Лучай і яго ваколіцы. Туды лёгка дабрацца на веласіпе­дзе, і з нецярпеннем чакаю пачатку сезона, калі можна будзе зноў на яго сесці.

У планах у новаспечанага экскурсавода абараніцца ў Нацыянальным агенцтве па турызме па маршрутах Мядзельшчыны, у тым ліку па тых, якія пралягаюць праз заказнік «Блакітныя азёры». Ёсць задумка і распрацаваць уласны маршрут. Безумоўна, гэта будзе патрабаваць шмат часу і намаганняў, але сур’ёзнага падыходу да працы ў Людмілы Францаўны не адняць. Яна яшчэ і прыклад таго, што распачынаць у жыцці новую справу ніколі не позна. Таму няхай усё атрымаецца!

Чарговая атэстацыя экскурсаводаў у Нацыянальным агенцтве па турызме запланавана на май 2023 года. Прайсці яе можа кожны ахвотны. Для гэтага да 14 красавіка трэба пакінуць заўяку на сайце нацагенцтва.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.