Адрэпеціравалі здачу ЦЭ
У адпаведнасці з новым Кодэксам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, сёлета выпускнікі 11-х класаў школ краіны замест выпускных экзаменаў па чатырох вучэбных прадметах упершыню будуць здаваць два цэнтралізаваныя экзамены: па адной з дзяржаўных моў (рускай або беларускай) і па прадмеце, выбраным навучэнцамі. Рэпетыцыя экзамену па выбары прайшла 28 студзеня па ўсёй Беларусі. Яе ўдзельнікамі сталі ў тым ліку 156 школьнікаў з Пастаўскага раёна.
Рэпетыцыйны ЦЭ пачынаўся ў 11.00. А ўжо з 9.30 да пункта яго правядзення — ім у нашым раёне вызначаны Пастаўскі дзяржаўны каледж — пачалі прыбываць школьныя аўтобусы з навучэнцамі. Яны арганізавана дастаўлялі 11-класнікаў з усіх сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі. Толькі з СШ №3, якая знаходзіцца ўсяго за некалькі соцень метраў ад каледжа, навучэнцы і педагогі, што іх суправаджалі, дабіраліся пешшу.
Трапіць непасрэдна ў пункт здачы ЦЭ можна было па пропуску і пашпарце, якія правяралі на ўваходзе. Таму нас, журналістаў, у будынак не пусцілі. Разам з дакументамі школьнікі павінны былі мець гелевую ручку з чорнымі чарніламі. Пранесці з сабой штосьці яшчэ не дазвалялася. Выключэнне зрабілі толькі для тых 11-класнікаў, якія вырашылі здаваць хімію або фізіку: яны маглі ўзяць таксама калькулятар без дадатковых функцый.
Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену праводзілася па 8 прадметах: акрамя названых, пастаўскія школьнікі выбралі матэматыку, біялогію, англійскую мову, гісторыю Беларусі, грамадазнаўства і геаграфію. Больш за ўсё будучых выпускнікоў зарэгістравалася на здачу матэматыкі (72 чалавекі), біялогіі (27 чалавек) і гісторыі Беларусі (23 чалавекі). Найменш — на фізіку (4 навучэнцы) і хімію (двое).
Здавалі ЦЭ у 14 аўдыторыях. Навучэнцы атрымалі тэставыя заданні, максімальна набліжаныя да тых, якія будуць на выпускных экзаменах. На іх выкананне давалася ад 90 да 210 хвілін. Найбольш часу было адведзена на матэматыку і фізіку, крыху менш, 150 хвілін, — на хімію, 120 — на біялогію і англійскую мову. Разам са школьнікамі ва аўдыторыях працавалі па 3 педагогі, якія ўважліва сачылі за дысцыплінай і выкананнем усіх патрабаванняў да правядзення цэнтралізаванага экзамену. Тым часам педагогі, якія суправаджалі на яго дзяцей, чакалі ў клубе каледжа.
— Усё прайшло арганізавана, без парушэнняў, — адзначыла ў панядзелак намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Русалоўская. — Дзякуй за гэта членам арганізацыйнай камісіі на чале з намеснікам дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай рабоце Наталляй Лятохай, кіраўніцтву навучальных устаноў, педагогам, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў правядзенні рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену. Яго вынікі будуць вядомыя праз 2—3 тыдні. Іх размесцяць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Атрымаць інфармацыю школьнікі змогуць у раздзеле «Вынікі ЦЭ» па сваіх пашпартных даных.
Застаецца дадаць, што абавязковы цэнтралізаваны экзамен па адной з дзяржаўных моў школьнікі будуць здаваць 14 мая. Другі ЦЭ запланаваны на 21 мая. Рэзервовымі днямі іх здачы вызначаны 23 і 25 мая і 21 і 23 жніўня.
Алена Шапавалава